З 8 ліпеня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску разглядаецца крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму) супраць 26-гадовага менчука Ягора Міхайлава.
Як паведамляе «Вясна», яго абвінавачваюць у падпале танка Т-72 у вайсковым эшалёне на чыгуначнай станцыі «Азярышча» ў Сцяпянцы. Нібыта ён кінуў ў яго «кактэйль Молатава» з надпісам «ОГСБ» уначы 31 студзеня.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Міхайлаў зрабіў гэта праз «свае палітычныя погляды», але сам абвінавачаны адмаўляе гэта на судзе. Відэа палаючага танка зьявілася ў інтэрнэце ў пачатку лютага, але дзяржаўныя СМІ назвалі яго фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны і цэлы танк. Патрулі-вайскоўцы ў ноч падпалу нават не заўважылі ўзгараньня. Міхайлаву пагражае ад 8 да 15 гадоў калёніі. Справу разглядае судзьдзя Алена Бушава, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае памочнік пракурора Фрунзэнскага раёу Дзьмітры Хаваўка.
Першага лютага ў інтэрнэце зьявілася відэа, як у танк кідаюць неўстаноўлены прадмет і ён запальваецца. У тэлеграм-канале «Баста!» апісалі сытуацыю так:
«У Менску спалілі танк на знак пратэсту супраць бязьдзейнасьці арміі. Састаў з кучай вайсковай тэхнікі недалёка ад Сцяпянкі рухаўся ў бок Оршы. „Гэта акт грамадзянскага непадпарадкаваньня! Танк Т-72, 120-я дывізія. За маўчаньне арміі, якая даўным даўно павінна была пакласьці канец паўнамоцтвам „маршала“ Сашы 3%. Мы паказалі, што можам. Хай адкажуць, з кім яны і каго яны мусяць абараняць!“ — піша аўтар відэа».
Празь некалькі дзён, 3 лютага, дзяржаўныя СМІ назвалі навіну аб спаленай тэхніцы з дапамогай «кактэйлю Молатава» фэйкам. Міністэрства абароны афіцыйна пракамэнтавала сітуацыю з падпаленым танкам і «запэўніла ўсіх, хто хвалюецца за яго лёс: машына знаходзіцца ў спраўным стане», паведамілі на СТВ.
Але крымінальную справу завялі і цяпер у ёй ідзе суд.
Што расказаў падсудны
На судзе Міхайлаў патлумачыў, што прызнае той факт, што кідаў «кактэйль Молатава» ў танк, але ня згодны з кваліфікацыяй абвінавачаньня, што гэта быў акт тэрарызму, зьдзейсьнены з палітычных прычынаў.
На судзе Міхайлаў расказаў, як зрабіў «кактэйль Молатава», але адзначыў, што зрабіў яго так, каб не прынесьці вялікай шкоды вайсковай тэхнікі. Па словах абвінавачанага, ён зрабіў яго ў лесапаласе недалёка ад тэхнікі. На падрыхтоўку «кактэйлю» пайшло каля 2 хвілін, затым ён паклаў яго ў партфэль і накіраваўся да тэхнікі, якую назіраў з акна ўласнага дома.
Па словах Міхайлава, тэхніка знаходзілася на каляіне за 4 кілямэтры ад станцыі. Калі падышоў да тэхнікі, то пачаў запальваць тканіну на бутэльцы з запальнай сумесьсю. На бутэльцы быў надпіс «ОГСБ».