Адпаведны зварот грамадзкія арганізацыі накіравалі прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму, кіраўніку Офісу прэзыдэнта Андрэю Ермаку, сьпікеру парлямэнту Дзьмітрыю Разумкову, сакратару Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксею Данілаву і міністру замежных спраў Дзьмітру Кулебу.
З такой заявай праваабарончыя арганізацыі выступілі пасьля хвалі рэпрэсій у Беларусі супраць грамадзянскай супольнасьці і журналістаў.
Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Украіны патрабуюць «спыніць дыпляматычныя дачыненьні з прадстаўнікамі нелегітымнага і антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, публічна падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, забараніць эканамічную супрацу зь беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, увесьці жорсткія санкцыі супраць усіх функцыянэраў рэжыму Лукашэнкі і афіляваных зь ім бізнэс-структураў».
Апроч таго, праваабаронцы патрабуюць спыніць супрацу зь сілавымі органамі і структурамі бясьпекі і забараніць выдачу грамадзян Беларусі на запыт беларускіх сілавых органаў.
Актывісты прапануюць тэрмінова склікаць пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны «для абмеркаваньня рызык, зьвязаных з працэсамі паглыбленьня супрацы рэжыму Лукашэнкі з Расеяй і фактычна ўцягваньня Беларусі ў гібрыдную вайну Расеі супраць Украіны».
Праваабаронцы заявілі, што гатовыя ўзяць удзел у кансультацыях з прадстаўнікамі ўрадавых органаў Украіны, каб выпрацаваць адказы на сыстэмныя і масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі«.
- Пад зваротам падпсаліся такія арганізацыі, як «Восток SOS», праваабарончы цэнтар «Поступ», «Освітній дім прав людини — Чернігів», грамадзкая арганізацыя «МАРТ», Цэнтар правоў чалавека ZMINA, «Дім вільної Росії», Цэнтар грамадзкай журналістыкі «МОСТ», Украінская Хэльсынская група правоў чалавека, Харкаўская праваабарончая група і іншыя.
- Усяго на гэты момант пад зваротам падпісалася 29 грамадзкіх арганізацый.