Раней паведамлялася, што кампанія NT Marine зьвязаная зь беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ем.
Паводле ўкраінскага англамоўнага выданьня Kyiv Post, у 2019 годзе кампанія NT Marine паставіла 320 тысяч тон вугалю кампаніі Sanderlyn па 78 даляраў за адну тону. Гэты вугаль потым перапрадалі дзяржаўнаму прадпрыемству «Центренерго».
Кіпрская кампанія сплаціла толькі 5 з 25 мільёнаў даляраў, апраўдваючыся тым, што ўкраінскае прадпрыемства не разьлічылася за вугаль.
Украінскае выданьне паведамляе, што ў красавіку паліцыя Ізраілю завяла крымінальную справу аб факце махлярства. Сярод падазраваных — украінскі бізнэсовец Ігар Каламойскі і чацьвёра ягоных партнэраў — Міхаіл Кіпэрман, Марыя Кіпэрман, колішні народны дэпутат Украіны Яўген Гельлер (ён займаўся закупкамі вугалю для «Центренерго») і былы генэральны дырэктар «Прыватбанку» Аляксандар Дубілет.
Мікалай Варабей — беларускі бізнэсовец, уладальнік кампаній «Інтэрсэрвіс» і «Нафтабітумны завод» па аптовым гандлі нафтапрадуктамі, банку «Абсалютбанк» і іншых кампаній. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яго ўключылі ў пералік асобаў, у дачыненьні да якіх Эўразьвяз, Вялікая Брытанія, ЗША і Канада ўвялі санкцыі за датычнасьць да фальсыфікацыі вынікаў выбараў, здушэньне дэмакратыі і парушэньне правоў чалавека.
Сёлета Ўкраіна нацыяналізавала прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (Роўна), кантрольны пакет акцый якога належаў Мікалаю Вараб’ю. А супраць ягонага ўкраінскага партнэра Віктара Медзьведчука, які ачольвае партыю «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“», завялі крымінальную справу за нібыта фінансаваньне тэрарызму. Да таго ж, яго разам з жонкай Аксанай Марчанкай падазраюць у датычнасьці ў 2015 годзе да незаконнай прыватызацыі трубаправоду, што быў ва ўласнасьці кампаніі «Прикарпатзахідтранс».