Паводле анонсу дзяржаўнага каналу, у матэрыяле пра так званыя «тэрарыстычныя ячэйкі» будзе ісьці размова пра тое, што ўсе яны нібыта кіравалі з-за мяжы, пра гэта сказалі ў КДБ.
«Цяпер праходзяць сьледчыя дзеяньні адразу аб некалькіх эпізодах», — дадалі ў анонсе.
Адзін зь іх, сьцьвярджаюць на канале, — спроба падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі ў адным з раёнаў Менскай вобласьці. Іншыя эпізоды — спроба падрыву аб’екту сувязі ў расейскай вайсковай частцы пад Вілейкай і замах на праўладнага журналіста Рыгора Азаронка, пра які першым сказаў Лукашэнка, а ўжо затым па дзяржаўнай тэлевізіі паказалі кадры нібыта з рэальнага нападу. Выканаўцамі нападу на Азаронка называюцца нехта Дзьмітры Сасноўскі і «яго саўдзельнік». Імя таго хаўрусьніка не называюць, твару не паказваюць.
КДБ заявіў, што высьветліў, адкуль паступалі загады «падпальваць, падрываць і забіваць»: яны нібы аддаваліся з-за мяжы грамадзянінам Нямеччыны з прозьвішчам Хофман праз тэлеграм-чат.