Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэсуэле супраць рэжыму паўсталі банды, якія Чавэс і Мадура фінансавалі для барацьбы з апазыцыяй


Сілавікі ў мікрараёне Cota 905
Сілавікі ў мікрараёне Cota 905

Сталіца Вэнэсуэлы стала горадам беззаконьня і вулічнай вайны. За некалькі дзён у баях паміж паліцыяй і бандамі гангстэраў загінула каля 30 чалавек. Нюанс у тым, што гэтыя банды фінансавалі самі Чавэс і Мадура. Яны меліся дапамагаць сілавікам тэрарызаваць апазыцыю, піша Gazeta Wyborcza.

Штурм пачаўся, калі бандыты з банды Cota 905 адмовіліся ад пакту аб ненападзеньні з рэжымам Мадура. Улады вырашылі ўзяць мяцежных бандытаў у свае рукі.

Апэрацыя сілавікоў Нікаляса Мадура пачалася чатыры дні таму ў паўднёва-заходняй частцы Каракасу, якой гадамі кіруюць мясцовыя бандыты. У гэтыя мікрараёны на браніраваных джыпах прыехала паліцыя з цяжкім узбраеньнем і танкеткамі. Бандыты адстрэльваліся таксама з цяжкой зброі з бункераў, разьмешчаных на пагорках. У чатырох раёнах, дзе адбылася трохдзённая вайна, жыве амаль паўмільёна чалавек.

Каракас
Каракас

МУС краіны паведаміла, што ў баях загінулі 28 чалавек, сярод якіх 22 бандыты і 4 паліцыянты.

Рэжым Мадуры паабяцаў узнагароду ў 1,5 мільёна даляраў за выдачу лідэраў банды, якія ўцяклі. Але ўлады і так абвясьцілі пра перамогу, а віну за баі і ўзбраеньне бандытаў усклалі на апазыцыю: Хуана Гуйдо і Леапольда Лопэса, які знаходзіцца ў эміграцыі ў Гішпаніі.

Хто гадамі ўзбройваў бандытаў

Парамілітарныя атрады лякальных бандытаў, якія жывуць у бедных раёнах Каракасу, больш за 10 гадоў ствараліся і ўзбройваліся рэжымам Уга Чавэса, а пасьля ягонага наступніка Нікаляса Мадура. Як піша Gazeta Wyborcza, іх першапачатковай задачай быў тэрор супраць апазыцыі. Рэжым даваў бандытам зброю і матацыклы, каб тыя разганялі мітынгі апазыцыі або запалохвалі насельніцтва падчас выбараў.

Але з часам праўрадавыя банды ператварыліся з самастойных бандытаў і захапілі раёны, замяніўшы паліцыю, якая адтуль уцякла. Там банды заняліся гандлем наркотыкамі, вымаганьнем, выкраданьнем людзей з мэтай выкупу. У атрады бандытаў уступіла нямала паліцыянтаў, а часта проста зь імі супрацоўнічала.

Паміж рэжымам і бандамі было спачатку маўклівае, а неўзабаве і фармальнае пагадненьне, падкрэсьлівае выданьне.

«Дзяржава выгадавала бандытаў»

Найгоршыя раёны, дзе панаваў тэрор, рэжым абвяшчаў «зонамі міру», то бок заключаў дамовы зь лідэрамі бандаў. Узамен за недатыкальнасьць і адсутнасьць там паліцыі, бандыты трымалі мясцовых жыхароў у страху і забясьпечвалі гэтым галасы за Аб’яднаную сацыялістычную партыю Вэнэсуэлы Уга Чавэса і Нікаласа Мадура.

Gazeta Wyborcza цытуе прафэсара крыміналістыкі з Каракаскага ўнівэрсытэту Люіса Ізкуэля:

— Гэта працягвалася гадамі, пакуль там не запанавала сапраўды бандыцкая ўлада. Улады пакінулі гэтыя раёны, бандыты адчулі сябе беспакаранымі, жыхары жывуць у галечы, нуль пэрспэктываў для маладых людзей, якіх спакушаюць лёгкімі грашыма, дэмаралізацыяй. Дзяржава выгадавала бандытаў.

Тры гады таму незалежны партал Runrun.es апублікаваў відэа, на якім бандыты і паліцыянты гуляюць сяброўскі матч у баскетбол.

За два гады паліцыя забіла амаль 7000 чалавек

Бунты і парушэньні дамовы аб ненападзеньні пачаліся год таму. Ад пачатку гэтага году адбылося ўжо пяць вулічных бітваў з паліцыяй. У іх загінула сама меней 14 чалавек. У сакавіку бандыты напалі і захапілі паліцэйскае казіно El Pinar. У красавіку яны напалі на паліцэйскі канвой і пастарункі па-за іх раёнамі. Заблякаваўшы рух на скрыжаваньні чатырох аўтастрадаў, яны дэманстратыўна хадзілі са зброяй па ваколіцах усяго за 4 кілямэтры ад прэзыдэнцкага палаца.

Мясцовыя жыхары ўцякаюць далей ад баявых дзеяньняў
Мясцовыя жыхары ўцякаюць далей ад баявых дзеяньняў

Наймацнейшай бандай у сталіцы зьяўляецца Cota 905. У яго шэрагах каля 300 узброеных вайсковай зброяй бандытаў. Лідэры гэтай банды знаходзяцца ў вышуку з 2015 году, але фактычна, паводле GW, яны дапамагалі рэжыму і былі яму карысныя, пакуль не парушылі акт аб ненападзеньні.

Спэцыяльныя сілы паліцыі (FAES) неаднаразова ўваходзілі ў раёны бандытаў, забіваючы там, аднак, нявінных людзей. У спэцыяльнай справаздачы камісіі правоў чалавека ААН яны абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавецтва. Толькі ў 2019-2020 гадах падчас такіх рэйдаў FAES забілі больш за 6800 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG