Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 2 да 2,5 года агульнага рэжыму. Пракурор запрасіў пакараньне для фігурантаў «справы студэнтаў»


На працэсе ў «справе студэнтаў» 9 ліпеня праходзяць судовыя спрэчкі.

Прадстаўніца пракуратуры зачытвала абвінавачаньні 12 падсудным цягам гадзіны — прыблізна па 5 хвілін на кожнага з абвінавачаных.

Адразу прадстаўніца абвінавачаньня заявіла, што віна ўсіх падсудных паводле 342 артыкуле КК ў судзе была ўстаноўленая. Доказам несанкцыянаваных акцый ў ВНУ у верасьні-кастрычніку 2020 году пракурор назвала паказаньні сьведак – супрацоўнікаў гэтых установаў.

Рэктары, намесьнікі рэктараў, дэканы, выкладчыкі і ахоўнікі БДУ, БДУІР, БНТУ ды іншых вышэйшых навучальных устаноў Менску, усяго больш за 20 сьведак, паводле пракурора, пацьвердзілі, што там праходзілі несанкцыянаваныя мітынгі і страйкі, якія «груба парушалі ўнутраны і грамадзкі парадак».

Тое, што гэтыя акцыі арганізавалі падсудныя, паводле пракурора, таксама пацьверджана доказамі: прызнальнымі паказаньнямі падчас «яўкі з павіннай»; дадзенымі праслушкі мабільных тэлефонаў; зьвесткамі, атрыманымі з кампутараў; пастамі, разьмешчанымі ў чатах; фота- і відэадоказамі, пісьмовымі дакумэнтамі, у тым ліку улёткамі.

Прадстаўніца абвінавачаньня прасіла суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачнах і тое, што раней яны не прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці.

У канцы прамовы пракурор агучыла тэрміны, якімі просіць пакараць абвінавачаных.

Для Глеба Фіцнера яна запрасіла 2 гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму, для ўсіх іншых абвінавачаных — па 2 гады і 6 месяцаў. Гэтак пракурор просіць пакараць Анастасію Булыбенка, Вікторыю Гранкоўскую, Алану Гебрэмарым, Тацяну Якельчык, Ягора Канецкага, Яну Арабейка, Ксенію Сырамалот, Касю Будзько, Ільлю Трахтэнберга, Марыю Каленік і Вольгу Філатчанкаву.

З 12 абвінавачаных толькі Глеб Фіцнер на судзе цалкам прызнаў сваю віну, іншыя настойвалі на тым, што яны невінаватыя.

Працэс ў «справе студэнтаў» праходзіць з 14 траўня ў Савецкім раённым судзе Менску. Судзьдзя Марына Фёдарава.

Абаронцы студэнтаў патраабуюць іх апраўдаць

Паводле адваката студэнта БДУ Ільлі Трахтэнберга Дзьмітрыя Пігуля, сьледзтва ў «справе студэнтаў» не прывяло доказаў ягонай віны. Паводле абаронцы, акцыі студэнтаў БДУ, якія фігуруюць у справе, праходзілі мірна і нікому не заміналі. Іншыя сьведчаньні адвакат назваў неабгрунтаванымі і тэндэнцыйнымі.

«Студэнты сядзелі ў калідоры моўчкі. Калі я спытаў сьведку, чым такое маўчаньне перашкаджала, той адказаў, што гэта вызначаецца «кантэкстам маўчаньня»», – згадаў словы сьведкі абаронца Ільлі Трахтэнберга. Паводле адваката, ягоны падабаронны ня мог, як сказана ў абвінавачаньні, «ігнараваць патрабаваньне супрацоўнікаў праваахоўных органаў аб прыпыненьні незаконных дзеяньняў», бо нікога з супрацоўнікаў міліцыі падчас тых падзей у БДУ не выклікалі.

Таксама абаронца прасіў выключыць з ліку доказаў «яўку з павіннай» – прызнаньне Ільлі Трахтэнберга, напісанае ў КДБ адразу пасьля затрыманьня. Паводле абаронцы, Ільлю Трахтэнберга ў КДБ запалохалі і ягоныя паказаньні, узятыя ў яго ў такім стане, ня могуць лічыцца доказам.

Спыніўся адвакат і на сьцьвярджэньні сьледзтва, што Ільля Трахтэнберг нібыта дзейнічаў насуперак «дзяржаўнай ідэалёгіі». Абаронца Трахтэнберга нагадаў, што ў Канстытуцыі Беларусі і яе законах ніяк не акрэсьлена дзяржаўная ідэалёгія.

«Такой можна лічыць хіба што дэкляраваную Канстытуцыяй роўнасьць усіх перад законам», – зазначыў абаронца Дзьмітрый Пігуль.

На думку адваката, 26 кастрычніка ў БДУ не было страйку студэнтаў.

«Вучэбны працэс не спыняўся, у студэнтаў, якія моўчкі ўдзельнічалі ў акцыі, не было сымболікі, саму акцыю ніхто зь іх не арганізоўваў». Адвакат назваў імёны сьведак, якія гэтак прадставілі суду падзеі 26 кастрычніка. Паводле абаронцы, іншыя сьведчаньні «напісаныя пад дыктоўку сьледчых».

«Мой падабаронны вінаваты толькі ў тым, што спрабаваў выказаць сваю пазыцыю да фальсыфікацый і масавага гвалту», – сказаў у канцы прамовы адвакат Пігуль і нагадаў суду, што ва ўсе часы знаходзяцца маладыя людзі, якія не пагаджаюцца зь несправядлівасьцю. «Спроба асудзіць такіх студэнтаў – гэта спроба спыніць час. Менавіта яны будуць вызначаць будучыню нашай краіны. Ад будучыні гэтых маладых людзей залежыць і наша будучыня», – сказаў абаронца Ільлі Трахтэнберга. Паводле абаронцы, адзіным законным прысудам яго падабароннаму можа быць толькі яго апраўданьне.

«Патрэбна трывалая мэдычная падтрымка»

Абаронца студэнта БДЛУ Глеба Фіцнера Касьціневіч заявіла, што яе падабаронны не заслужыў такога пакараньня, якога просіць для яго пракурор, – 2 гадоў зьняволеньня. Абаронца нагадала, што Глеб Фіцнер адразу прызнаў віну і не мяняў сваіх паказаньняў, а таксама паведаміла, што яе падабароннаму ў зьняволеньні патрэбна «трывалая мэдычная падтрымка». 8 месяцаў у вязьніцы, паводле абаронцы, сталі моцным ударам па здароўі студэнта.

Адвакат згадала словы былой рэктаркі БДЛУ Натальлі Баранавай, якая выключыла ў дзеяньнях Глеба Фіцнера і другіх студэнтаў ВНУ «антыдзяржаўныя праявы». Паводле гэтай сьведкі, нагадала абаронца, з «моладзьдзю трэба размаўляць». Абаронца прасіла прызначыць Глебу Фіцнеру максымум 1 год зьняволеньня.

«Чакаю вызваленьня ў залі суду»

Адвакат Антон Гашынскі пачаў прамову ў судзе з напаміну пра тое, што выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава, якую ён абараняе, не прызнала віны ў арганізацыі студэнцкіх пратэстаў. Вольгу Філатчанкаву абвінавацілі ў тым, што яна арганізавала страйк 26 кастрычніка ня толькі ў БДУІР, але і ў іншых ВНУ Менску. Паводле абаронцы, Вольга Філатчанкава ня ведала і не магла ведаць пра тое, што адбываецца ў іншых ВНУ, доказаў іншага няма, таму гэтае абвінавачаньне ёй выставілі неабгрунтавана.

Паводле адваката Гашынскага, доказаў віны Вольгі Філатчанкавай у тым, што яна арганізавала масавую акцыю пратэсту ў ВНУ, дзе працавала, «яўна недастаткова».

«Так, яна ведала пра намеры студэнтаў, публічна выказвала сваю пазыцыю, але гэта не парушэньне закону», – даказваў абаронца. На думку Антона Гашынскага, інкрымінаваныя Вользе Філатчанкавай дзеяньні нікому не нанесьлі шкоды, сама падсудная не нясе небясьпекі для грамадзтва. Абаронца сказаў, што лягічным вынікам працэсу будзе вызваленьне Вольгі Філатчанкавай у залі суду.

«Адміністрацыйны арышт за тое, што зроблена, ужо адбыты»

Студэнтка БНТУ Настасься Булыбенка, нагадала яе абаронца Людміла Савіцкая, за ўдзел у студэнцкім шэсьці 17 кастрычніка была пакараная 15 суткамі адміністрацыйнага арышту і ў момант, калі 26 кастрычніка праходзіў так званы страйк студэнтаў, адбывала арышт.

«Але яе абвінавачваюць у арганізацыі ў тым ліку і гэтай акцыі, чаго быць не магло, такі эпізод трэба выключыць з абвінавачаньня», – заявіла суду абаронца Настасьсі Булыбенкі Савіцкая.

Паводле адвакаткі, акцыі, якія праходзілі ў верасьні на тэрыторыі БНТУ, паводле большасьці сьведак, не перашкаджалі вучэбнаму працэсу і ня мелі прыкмет акцый, якія «груба парушаюць грамадзкі парадак». На думку адваката, ад гэтай кваліфікацыі залежыць тое, ці можна чалавека прыцягваць да крымінальнай адказнасьці. «Дзе хаця б адзін удзельнік, якога прымусілі ці неяк падштурхнулі да ўдзелу у такой акцыі? Сьледзтва такіх не прадставіла нікога. Кожны вырашаў сам. Таму гэта было проста масавае несанцыянаванае мерапрыемства, за якое прадугледжаная не крымінальная, а адміністрацыйная адказнасьць», – даводзіла абаронца Булыбенкі.

Судовыя спрэчкі працягнуцца пасьля абедзенага перапынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG