Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб людзі маглі выбіраць паміж дабром і злом». У чым сутнасьць ініцыятывы «Народная Канстытуцыя»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У чым палягае ініцыятыва “Народная Канстытуцыя?” Ці скаардынаваная яна з прапановай сьпявачкі Анжалікі Агурбаш? Якія галоўныя зьмены прапануюць у праекце “Народнай Канстытуцыі”? І як можна далучыцца да абмеркаваньня і прыняцьця рашэньняў?

У эфіры Свабоды Premium прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Арцём Праскаловіч расказвае пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя».

  • Каардынацыйная рада заявіла пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя». Заснавальнікі кампаніі — супольнасьць «Честные люди» пры ўдзеле Кабінэту прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі. Яны запусьцілі плятформу «Честный выбор».

Глядзіце размову цалкам на відэа

Асноўныя тэзісы Арцёма Праскаловіча


У чым сутнасьць ініцыятывы «Народная Канстытуцыя»

— «Народная Канстытуцыя» — дакумэнт, які створаць грамадзяне Беларусі. Хочацца, каб яго напісалі ўсе грамадзяне, адкрыта і празрыста, а ня так, як адбываецца цяпер, схавана ад грамадзкасьці, з асобнымі разавымі ўкідамі ў СМІ, калі людзі ня бачаць, над чым працуе так званая канстытуцыйная камісія цягам некалькіх месяцаў. У рамках гэтай кампаніі беларусам прапаноўваецца актыўна ўключыцца ў фіналізацыю праекту Канстытуцыі новай Беларусі, якую на працягу некалькіх гадоў, з 2019 году, рыхтуе грамадзкая канстытуцыйная камісія пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі. Ініцыятыву падтрымалі абсалютна ўсе дэмакратычныя сілы. Ёсьць разуменьне, што, акрамя выкананьня патрабаваньняў народу аб вызваленьні палітвязьняў, правядзеньні новых выбараў, спыненьня рэпрэсій, новая канстытуцыя — гэта фундамэнт пабудовы новай Беларусі, безь якога рух далей і зьмена сытуацыі проста немагчымыя.

Ці гэта зьвязана з ініцыятывай сьпявачкі Анжалікі Агурбаш, якая прапанавала стварыць аргкамітэт для правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму?

— Магчыма, у Анжалікі былі нейкія інсайды ці яна сачыла за інфармацыйным палітычным парадкам дня, бо сам праект у працы ўжо даўно. Падрыхтоўка да кампаніі ішла не адзін дзень, бо гэта вялікі памер працы і каардынаванасьці. Першая рэдакцыя была прадстаўленая ў сакавіку. Мы працягваем фіналізаваць вэрсію і адстойваць патрабаваньне аб вынясеньні яе на рэфэрэндум або разам з той Канстытуцыяй, якую прапануе Лукашэнка, альбо самастойна. Магчыма, менавіта ў прыняцьці новай Канстытуцыі існуюць шляхі да вырашэньня сытуацыі, што склалася. Думаю, тут была ці інтуіцыя, ці разуменьне сытуацыі з боку Анжалікі. У любым разе гэта адлюстроўвае настроі і разуменьне ўсіх беларусаў.

Як праект можа быць вынесены на рэфэрэндум

— Хочацца падрыхтаваць жыцьцяздольны дакумэнт, які адлюстроўвае патрэбы беларускай дзяржавы, а не накіраваны на абслугоўваньне рэжыму ці аднаго чалавека. Усё рыхтавалася грунтоўна, каб расказаць і патлумачыць людзям, даць кірункі, як можна працаваць з нашым праектам. Будзе шырокае кола экспэртаў для дыскусіі, прапанаваны рэальныя пляцоўкі для абмеркаваньня. Праект запускаецца тады, калі ён гатовы якасна. Мы заклікам грамадзянаў масава пісаць у афіцыйную Канстытуцыйную камісію і патрабаваць забясьпечыць вынясеньне на рэфэрэндум як мінімум двух варыянтаў Канстытуцыі, каб людзі маглі выбіраць паміж дабром і злом.

У адваротным выпадку ў беларусаў на рэфэрэндуме, які прызначыць Лукашэнка, будзе магчымасьць альбо падтрымаць прапанаваную канстытуцыю альбо не падтрымаць і фактычна пагадзіцца з тым, што мы маем сёньня — Канстытуцыю ўзору 2996 году, якая дазваляе Лукашэнку дагэтуль утрымліваць уладу сілай. Беларусам прапануюць дрэннае і жахлівае. Таму ў беларусаў павінен быць выбар. На сайце праекту і ў чат-ботах ёсьць магчымасьць адправіць папяровы ці электронны ліст.

Якія галоўныя зьмены прадстаўленыя ў праекце «Народная Канстытуцыя»

— Праект ня мае канчатковай рэдакцыі, дзеля гэтага і заклікаем грамадзянаў далучыцца да працы. Але ёсьць асноўныя кірункі і прынцыпы, якія былі парушаныя пры напісаньні дзейнай Канстытуцыі. І яны ёсьць у нашым праекце.

  • Рэальны падзел уладаў, вызначэньне сыстэмы стрыманьня і супрацьвагаў.
  • Рэформа судовай сыстэмы, бо без справядлівага суду немагчыма рухацца далей. Судовы сход зь ліку прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, адвакацкай супольнасьці, былых судзьдзяў будзе прызначаць судзьдзяў, а тыя з калегаў будуць выбіраць сваіх кіраўнікоў.
  • Склад судзьдзяў Канстытуцыйнага суду будзе фармаваць парлямэнт на прапанову Вярхоўнага суду, ураду і прэзыдэнта.
  • Прэзыдэнт страчвае вялікую колькасьць бязьмежных паўнамоцтваў. Застаецца прадстаўніком краіны ў міжнародным полі, кіраўніком войска падчас ваеннага становішча.
  • Асноўная роля ў заканадаўчым рэгуляваньні жыцьця грамадзянаў пераходзіць да парлямэнту, які прапаноўваецца зрабіць аднапалатным, скасаваўшы верхнюю палату. Савет Рэспублікі на сёньня абсалютна не прадстаўляе інтарэсы грамадзянаў.
  • Усе мясцовы органы ўлады прапаноўваецца выбіраць. Трэба перадаць непасрэднае кіраваньне на тэрыторыі самім людзям.
  • Разьдзелы, якія закранаюць асноўныя правы грамадзянаў, максымальна пашыраныя і канкрэтызаваныя дзеля таго, каб стварыць па магчымасьці перадумовы для таго, каб не паўтарыліся катаваньні і бесчалавечнае стаўленьне да людзей, якія існуюць цяпер, нягледзячы на існуючыя ў той жа канстытуцыі забароны, нормы і прынцыпы.

Што з сымболікай і дзяржаўнай мовай

— У праекце прапаноўваецца вярнуцца да гістарычнай нацыянальнай сымболікі, якая адлюстроўвае настроі людзей сёньня. Няслушна працягваць жыць пад сымболікай, пад якой чынілі гвалт, злачынства і катаваньні.

У праекце захоўваюцца дзьве дзяржаўныя мовы. На жаль, дзякуючы намаганьням рэжыму трэба прызнаць, што большасьць беларусаў выкарыстоўвае расейскую мову. У Канстытуцыі прадугледжана норма пра тое, што надаецца ўвага разьвіцьцю і папулярызацыі беларускай мовы.

А калі праект канстытуцыі ня вынесуць на рэфэрэндум

— Мы прапаноўваем і заклікаем беларусаў патрабаваць вынесьці на рэфэрэндум праект «Народнай Канстытуцыі», Канстытуцыі новай Беларусі, якую мы пішам усе разам. Да 1 жніўня працуе афіцыйная Канстытуцыйная камісія. Гэта этап, калі Лукашэнка будзе думаць над указам аб прызначэньні рэфэрэндуму. Далей будзе этап пасьля выхаду ўказу, калі ёсьць магчымасьць звароту ў ЦВК, каб там ведалі, што грамадзяне Беларусі супраць таго, што на рэфэрэндум выносіцца адзін праект.

Калі голас грамадзянаў Беларусі ня будзе пачуты, ёсьць магчымасьць стварэньня ініцыятыўнай групы, якая ўнясе свой праект у ЦВК. Гэта збор 450 тысяч подпісаў і вынясеньне на народны рэфэрэндум праекту, які распрацаваў народ. Ёсьць разуменьне, што рэжым будзе ўсяляк супрацьстаяць жаданьню беларусаў будаваць сваю краіну самастойна для сябе. У нас ёсьць плян і на гэты варыянт, які мы пакуль ня будзем агучваць. Ёсьць і імавернасьць таго, што Лукашэнка чарговы раз не стрымае абяцаньня і ніякага рэфэрэндуму ўвогуле ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG