Пра гэта ў матэрыяле журналістыкі «Настоящего времени» Алены Шалаевай.
«Вы неймаверныя!» — каму належаць гэтыя словы, ведае, напэўна, кожны беларус. Марыя Калесьнікава, кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, а затым удзельніца Каардынацыйнай рады, летам 2020 году сваім прыкладам выклікала ў дэманстрантаў на вуліцах упэўненасьць у сабе і гаварыла аб праве на свабоду і лепшае жыцьцё. «Наша Маша», як яе неўзабаве сталі называць, — пазытыўная, адкрытая, з прамяністай усьмешкай.
7 верасьня Калесьнікав выкралі ў цэнтры Менску, наступнай раніцай яе спрабавалі гвалтам вывезьці зь Беларусі ва Ўкраіну, але Марыя парвала свой пашпарт — і яе зноў затрымалі. З 8 верасьня Марыя Калеснікава пад арыштам, ёй выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў, якія пагражаюць пазбаўленьнем волі на тэрмін да 12 гадоў . «Я ні пра што не шкадую і зрабіла б гэтаксама», — піша Марыя з ізалятару.
«Мы цябе пасадзілі, і больш ты нікому не патрэбна»
«Першы ліст ад Машы прыйшоў 22 верасьня. На ім напісана нават „ліст № 1“, — расказвае яе сястра Тацяна Хоміч. — Яна піша: „Пішы па меры магчымасьцяў, як жывуць нашы хлопцы, як каманда“. Што яна вельмі сумуе і верыць у іх, хвалюецца, вядома, за родных, як яны ўспрынялі гэтыя навіны, як перажылі. Гэта пра тату, гэта пра бабулю і дзядулю, іншых родных». (Бабуля Марыі памерла ў чэрвені 2021 году).
Пасьля затрыманьня на беларуска-ўкраінскай мяжы Марыя Калесьнікава знаходзілася ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску («Валадарка»). 12 верасьня яе перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў горадзе Жодзіна Менскай вобласьці. Празь некалькі дзён Калесьнікавай выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу пра заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК).
Амаль месяц Марыя не атрымлівала ніякіх лістоў, а 9 кастрычніка ёй перадалі адразу 400. Інфармацыя пра сотні лістоў, адрасаваных Калесьнікавай, у момант зьявілася ў СМІ і блогах. Многія з захапленьнем расказвалі, што атрымалі ад Марыі адказ. «Яе толькі затрымалі, наогул не было зразумела, што зь ёй, у якім яна настроі, стане, і ў цэлым не было зразумела, што адбываецца з усімі палітвязьнямі», — дзеліцца Тацяна Хоміч.
Ужо празь месяц стала ясна, што даходзіць будуць далёка ня ўсе лісты. «Мы зразумелі, што пачалася нават не цэнзура, а зьнішчэньне перапіскі, ціск на яе, каб яна думала, што пра яе ўсе забыліся, што прайшоў месяц-два — „Мы цябе пасадзілі, і больш ты нікому не патрэбна“. Але гэта ня так, і Маша ведае, што гэта ня так », — расказвае Тацяна.
Па словах сястры, з прыкладна 150-170 лістоў у месяц, якія піша Марыя Калесьнікава зь СІЗА, даходзіць толькі каля дваццаці. Асабліва дрэнна пошта пачынае хадзіць на Новы год і перад днём нараджэньня: з пачатку красавіка па сярэдзіну траўня ні Марыя, ні яе блізкія не атрымлівалі адно аб адным ніякіх вестак (дзень нараджэньня Калесьнікавай — 24 красавіка). «Але я ведаю, што людзі пісалі сотні лістоў: я зьбірала інфармацыю ў Машыных сацсетках, пыталася, хто ёй дасылаў лісты. Спачатку была лічба 360, даволі хутка яна пераваліла за 400. І гэта толькі тыя людзі, якія бачылі пост», — кажа Тацяна Хоміч.
«У мяне сёньня дзень нараджэньня. Гэты дзень я заўсёды праводзіла ў коле сям’і, блізкіх і сяброў. У якой бы краіне я не знаходзілася. І заўсёды гучна і весела! Сёньня, на жаль, я вас ня ўбачу, не абдыму і мы не пасьмяёмся так забойча і аглушальна гучна, як толькі мы ўмеем. Але ведайце сёньня і заўсёды, вы ўсе ў маім сэрцы і я ўсёй душой з вамі. Сьмейцеся, абдымайцеся і весяліцеся сёньня і за мяне таксама!»
Зварот Марыі Калесьнікавай зь СІЗА ў дзень яе нараджэньня
Апошні ліст ад Марыі яе сястра атрымала 16 чэрвеня. «І гэта вельмі дзіўна: ён прыйшоў у гонар [майго] дня нараджэньня, і ён быў напісаны 13 чэрвеня. Першы раз ліст прыйшоў фактычна за тры дні — гэта вельмі хутка. Але тата ў той жа дзень атрымаў ліст за 26 траўня», — распавядае Тацяна.
Бег у турэмным дворыку і ўяўная музыка. Пра што расказваюць лісты Марыі Калесьнікавай
Тыя, хто піша палітвязьням (а іх у Беларусі цяпер больш за 500 чалавек), ведаюць, што ўсе лісты праходзяць цэнзуру. Намёкі, ацэнкі, незразумелыя абрэвіятуры памяншаюць шанцы пасланьня трапіць да адрасата і могуць нават нашкодзіць яму. Але сказаць напэўна, які ліст пройдзе цэнзуру, вельмі складана, кажа Тацяна Хоміч:
«У верасьні-кастрычніку ад Машы прыходзілі лісты, дзе было напісана пра бардак і хаос, — але ўсё роўна яны дайшлі. У цэлым, яна заўсёды піша, як у яе справы, якія кнігі яна чытае, што ў іх цікавага знайшла. Піша словы падтрымкі. Піша, чым займаецца, што займаецца спортам. Часам — пра сьледчыя дзеяньні: што ў яе быў вельмі складаны дзень, напрыклад, з допытам цэлы дзень. Але яна ніколі і не была рэзкай, каб нейкія рэзкія заявы ўстаўляць».
У ізалятары ў Жодзіне дзесьці да сярэдзіны кастрычніка 2020 году ў адной камэры з Марыяй сядзелі палітвязьні. У сваіх лістах Калесьнікава апавядала, як яны дапамагалі ёй разьбіраць карэспандэнцыю, размаўлялі. «Але, як толькі мы пачалі пра гэта расказваць, ёй памянялі суседзяў на непалітвязняў — гэтыя людзі ня ведалі, хто такая Маша, ня чулі пра яе. Гэта значыць, што яны ўтрымліваліся пад вартай ужо раней, [да пратэстаў]. Для іх гэта была ня тая Маша, якую ведаюць беларусы, што актыўна правялі мінулае лета», — кажа Тацяна.
У студзені Калесьнікаву перавялі на Валадарку ў Менск, у камэру з адной суседкай, таксама «непалітычнай». Аб Марыі яна ведала зь перадач дзяржаўных каналаў — у СІЗА ёсьць тэлевізар. Адносіны склаліся нармальныя, кажа сястра Калесьнікавай: «Маша неканфліктны і камунікабельны чалавек, вельмі актыўны, вялікі эмпат».
Апошнія некалькі тыдняў Марыя Калесьнікава ў камэры адна.
Аб умовах яна расказвае ў лістах. Нары, стол, лавы, фортка, унітаз, рукамыйнік. Ёсьць тазы, каб мыцца, таму што душ — толькі раз на тыдзень на 20 хвілін. Душавыя не ізаляваныя — гэта адзін вялікі пакой на некалькі чалавек.
Камэра, у якой знаходзіцца Марыя, даволі маленькая — 2,5 на 3 мэтры. Ёсьць двор — абгароджаны з чатырох бакоў калодзеж, дзе праходзяць шпацыры, таксама вельмі маленькі — 3 на 3 мэтры. «Маша там умудраецца бегаць, актыўнічаць. Гэта адзіная магчымасьць рухацца, неяк актыўна бавіць час. Яна заўсёды гэтым карыстаецца. Узімку гэта гадзіна на дзень, улетку — дзьве гадзіны».
Сваякі перадалі Марыі тэлевізар: ёсьць жорсткія абмежаваньні ў яго памеры, а трансьлююцца ў СІЗА толькі беларускія дзяржаўныя каналы. «У лістах Маша пісала, што ў цэлым, гледзячы тэлевізар, можа рабіць пэўныя высновы пра тое, што адбываецца ў краіне. Для яе важна сачыць за навінамі, асабліва ў цяжкія паваротныя і ўдарныя моманты — як падзеі з самалётам, напрыклад».
У СІЗА ёсьць бібліятэка. Марыя шмат чытае: на нямецкай, на ангельскай, бізнэс-літаратуру, мастацкую. «Некалькі тыдняў таму ў адным зь лістоў яна расказала, што прачытала біяграфію Нэша, вядомага матэматыка. Прачытала кнігі Гокінга, Талеба».
У сьнежні летась «Сусьвет Стывэна Гокінга» і дзьве кнігі Юваля Гарары ў Марыі канфіскавала адміністрацыя СІЗА, патлумачыўшы, што зьмест гэтых кніг «не спрыяе выхаваньню затрыманых». Праўда, праз два тыдні іх вярнулі.
Марыя спраўляецца зь нязручнасьцямі ў камэры, імкнучыся не зьвяртаць на іх увагі. Але яна музыкант, прафэсійная флейтыстка, і, натуральна, ёй вельмі не хапае музыкі. «Мы спрабавалі перадаць ёй флейту, блёк-флейту, ёсьць дзіцячыя варыянты невялікія, але, вядома, іх не прынялі. Гэтай сваёй спробай перадаць музычны інструмэнт мы вельмі разьвесялілі супрацоўнікаў СІЗА, — расказвае Тацяна. — Ноты праходзілі, адпраўлялі яшчэ ўвосень. Але, улічваючы, што ў яе канфіскавалі кнігі, у якіх шукалі напісанае тайнапісам або малаком, то ноты — таксама такі варыянт, у якім могуць шукаць нейкае схаванае пасланьне, якое дазволіць Машы цудоўным чынам выбрацца з турмы».
«Мяне накрыла хваляй любові і радасьці пасьля чытаньня лістоў. Хтосьці даслаў у лісьце ноты Моцарта, і гэта супэр- ідэя! Мне можна дасылаць ноты, і яны так клясна гучаць у галаве».
Зь ліста Марыі Калесьнікавай
«Марыя перажывае, што за такі доўгі час адлучэньня ад флейты яе ўзровень тэхнікі як віртуоза можа быць незваротна страчаны, — камэнтуе адвакат Уладзімір Пыльчанка. — Бо флейты і іншыя духавыя інструмэнты ў СІЗА не прадугледжаныя. Тым ня менш музыка — гэта ня толькі яе выкананьне, але і тое, што захоўвае памяць і вырабляе фантазія. Адзначу таксама і тое, што Марыя не перастае прыдумляць творчыя праекты, нягледзячы на найбольш дыскамфортныя ўмовы ў сваім жыцьці».
«Сьвет гукаў, у якім я жыву апошнія 30 гадоў, моцна адрозьніваецца ад таго, што я чую тут. Адсутнасьць музыкі і ёсьць катаваньне. Ратуе памяць, калі я заплюшчваю вочы і слухаю ўнутры сябе Баха, Моцарта і тое, што я грала сама».
Зь ліста Марыі Калесьнікавай
«Ліст дайшоў— гэта ўдача». Пра што пішуць Марыі Калесьнікавай
Алена асабіста не знаёмая з Марыяй. Але яна адна зь нямногіх, хто цягам усяго зьняволеньня Калесьнікавай атрымлівае ад яе адказы на свае лісты.
«Чаму я пішу Марыі? Марыя ня проста натхненьне, яна нясе сілу, нейкі нацыянальны код. Пісаць Марыі лёгка, яна надзвычай рознабаковая асоба», — расказвае Алена.
Менавіта зь ліста Алены Марыя Калесьнікава даведалася пра тое, што разам зь іншымі прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі атрымала прэмію Сахарава. Пра свае эмоцыі яна напісала ў адказ:
Алена кажа, што імкнецца не пісаць «нэгатыву» і не зацыклівацца на навінах. Замест «намёкаў» на палітыку яна апавядае Марыі пра мірнае жыцьцё.
«Пішу пра модныя паказы — цяпер гэта круізныя паказы Dior і Louis Vuitton. Я раблю фотакалажы: ня ўпэўнена, што іх перадаюць, але я апісваю, як гэта выглядае. Пішу пра мастацтва, пра выставы, якія адкрываюцца, нягледзячы на COVID-19. Музыка, а яна таксама ёсьць, музыканты выступаюць у масках. Пішу нават пра Ілана Маска і магчымасьці адправіць чалавека на Марс».
«Цяпер пішу пра кнігі, якія можна прачытаць. Я правяла дасьледаваньне, што чытаюць разумныя і вельмі разумныя людзі, і ў кожным лісьце адпраўляю сьпіс кніг. Напрыклад, Ганна Франк, Махатма Гандзі. Таксама і пра мастацкую літаратуры».
Але даходзіць далёка ня ўсё, зазначае суразмоўца Калесьнікавай па перапісцы. «Фактычна як такой перапіскі няма: на мой погляд, улады робяць усё, каб гэтага ня здарылася, — лічыць Алена. — Дайшоў ліст — гэта ўдача, а не здаровы сэнс, на жаль».
Папярэдняе сьледзтва ў крымінальнай справе Марыі Калесьнікавай завершана, пракуратура накіравала матэрыялы ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці. Калесьнікаву, а таксама юрыста Максіма Знака абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, у закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бясьпецы, і ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.