Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія апублікавала новыя прапановы для краін Усходняга партнэрства. 5 пунктаў для Беларусі


Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль на сустрэчы са Сьвятланай ЦІханоўскай у Люксэмбургу, 21 чэрвеня 2021
Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль на сустрэчы са Сьвятланай ЦІханоўскай у Люксэмбургу, 21 чэрвеня 2021

Эўрапейская камісія і высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль апублікавалі прапанову прыярытэтаў супрацы з краінамі Ўсходняга партнэрства на наступныя пяць гадоў.

Праграму мае падтрымаць плян эканамічнае супрацы ды інвэстыцыяў на 2,3 мільярда эўра з мабілізацыяй да 17 мільярдаў эўра дадатковых дзяржаўных і прыватных інвэстыцыяў.

Прапанову маюць абмяркоўваць на саміце Ўсходняга партнэрства ў сьнежні.

У апублікаваных прапановах адзначаецца, што ініцыятывы стасоўна Беларусі залежаць ад дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне. У такім выпадку магчымыя пяць ініцыятываў:

  1. Падтрымка інавацыйнай і канкурэнтнай эканомікі — наўпроставае падтрыманьне 20 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
  2. Паляпшэньне транспартных сувязяў і спрыяньне гандлю паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.
  3. Дапамога інавацыям і лічбавай трансфармацыі.
  4. Падтрымка «зялёнай Беларусі» — энэргетычная эфэктыўнасьць, утылізацыя адкідаў і інфраструктура.
  5. Інвэстыцыі ў дэмакратычную, празрыстую і адказную Беларусь.

У прапановах адзначаецца, што ЭЗ шкадуе аб рашэньні рэжыму Лукашэнкі прыпыніць супрацу ў рамках Усходняга партнэрства. «Гэтае рашэньне служыць толькі таму, каб надалей ізаляваць Беларусь, і яшчэ раз сьведчыць, што рэжым ігнаруе беларускі народ, які атрымлівае выгады ад супрацоўніцтва і розных праграмаў у межах Усходняга партнэрства», — гаворыцца ў прапановах Эўракамісіі.

«ЭЗ застаецца адкрытым да працы зь беларусамі таксама ў рамках Усходняга партнэрства і будзе падтрымліваць беларускі народ і грамадзянскую супольнасьць, а таксама іх дэмакратычныя памкненьні».

У прапановах таксама сказана, што ініцыятывы датычна Беларусі цалкам сумяшчальныя з плянам падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на 3 мільярды эўра, абвешчаным у траўні. Гэты плян можа быць рэалізаваны пры ўмове дэмакратычных зьменаў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG