Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бюро»: Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ўзначальвае Віктар Лукашэнка, стаў сузаснавальнікам кампаніі гандлю алькаголем


Віктар Лукашэнка
Віктар Лукашэнка

На адкрыцьцё ў ліпені сёлета ў Пружанах крамы алькагольнай прадукцыі «Дуб зялёны» зьвярнуў увагу расьсьледніцкі мэдыяпраект «Бюро».

Агенцтва «Бюро» адзначыла, што «мясцовая раённая газэта анансуе запуск цэлай сеткі алькамаркетаў» пад брэндам «Дуб зялёны», расьсьледнікі вызначылі, што згаданая крама належыць кампаніі «Глаўгандальпрэд».

Сьцьвярджаецца, што на гэтую кампанію ў сакавіку 2025 году ў Пінску зарэгістравалі «яшчэ адзін алькапункт» «Дуб зялёны».

51% «Глаўгандальпрэду» знаходзіцца ва ўласнасьці [набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальніка] Аляксандра Зайцава. 49% фірмы запісаныя на Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК), які з 2021 году ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.

«Праўда, колькі партнэры заробяць на новай алькагольнай сетцы, мы так і не даведаемся — уся бухгальтарская справаздачнасьць кампаніі засакрэчаная як падатковая таямніца згодна з пастановай Савету міністраў», — падкрэсьлівае «Бюро».

Акрамя «Дуба зялёнага», з 2021 году «Глаўгандальпрэд» валодае супэрмаркетам бязмытнага гандлю ў пункце пропуску Бераставіца (Баброўнікі) на мяжы з Польшчай.

Віктар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам НАК 26 лютага 2021 году. Дагэтуль з 1997 года арганізацыю ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка, які пакінуў пасаду пад ціскам міжнароднай спартовай грамадзкасьці падчас падзеяў 2020 году.

11 траўня 2025 году аб’яднаньне BelPol выпусьціла фільм-расьсьледаваньне аб дзейнасьці «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу», у якім гаворыцца, што арганізацыя служыць узбагачэньню сям’і Лукашэнкі. Для гэтага выкарыстоўваюць розныя карупцыйныя схемы. Клюб у расьсьледаваньні назвалі «інструмэнтам легалізацыі атрыманага дыктатарам Лукашэнкам і ягонымі сямейнікамі хабару і ўхіленьня ад выплаты падаткаў».

«Прэзыдэнцкі спартовы клюб» заснаваны ў 2005 годзе, нязьменным кіраўніком арганізацыі застаецца Дзьмітры Лукашэнка — сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі. На сайце праекту сказана, што клюб займаецца «арганізацыяй маштабных спартовых спаборніцтваў, разьвіцьцём спартовай інфраструктуры, дабрачыннасьцю і выплатай імянных стыпэндыяў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG