Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачаліся прыступападобныя зьмены». Лекар турмы расказаў маці пра здароўе зьняволенага журналіста Івашына


Людміла Івашына, Дзяніс Івашын
Людміла Івашына, Дзяніс Івашын

Маці Дзяніса Івашына Людміла Івашына расказала, што даведалася ад лекара пра стан сына ў турме, у якога нядаўна здарыўся сардэчны прыступ.

Як стала вядома Людміле Івашынай зь некалькіх крыніц, на Дзяніса ціснуць за кратамі.

«На Дзяніса аказваюць проста шалёны прэсінг. Зранку прыходзіць, па-мойму, намесьнік начальніка турмы, прыносіць аркуш паперы: «Пішы». — «Што пісаць?» — «Прызнаньне». — Увечары прыходзіць і патрабуе аркуш: «Чаму не напісаў?» — «А што пісаць? Я нічога не парушаў», — пераказвае маці, як адбываецца гутарка паміж кіраўніцтвам турмы і ейным сынам. Івашына рэгулярна возяць у КДБ, кажа яна.

«На размовах прысутнічаюць людзі ў цывільным і людзі „зь вялікімі зоркамі“, падпалкоўнікі. Патрабуюць, каб ішоў на супрацоўніцтва, падпісваў нейкія паперы, у нечым прызнаваўся», — расказвае Людміла Івашына.

Пасьля гэтых гутарак Дзяніс у камэры па паўгадзіны проста сядзіць, гледзячы ў падлогу, ня можа размаўляць.

«Гэта жахліва. Як гэта ўсё вытрымаць?», — задае рытарычнае пытаньне Людміла Івашына.

Дзяніс і ягоныя сукамэрнікі баяцца піць гарбату, якую даюць у турме, таму просяць, каб ім перадавалі шмат вады з волі.

Людміла Івашына сустрэлася з начальнікам мэдыцынскай часткі турмы нумар 1. Той патлумачыў, што ў Дзяніса не было інфаркту, але пачаліся сур’ёзныя праблемы з сэрцам.

«На фоне пастаяннага эмацыйнага стрэсу пачаліся прыступападобныя зьмены: узмоцненае сэрцабіцьцё і заміраньне пульсу», — пераказвае маці.

Як патлумачыў лекар, гэта яшчэ не зрываньне рытму сэрца, але на мяжы. Такое парушэньне можа прывесьці да інфаркту. Да таго ж Дзяніс кепска сьпіць.

Лекар напісаў сьпіс, якія лекі варта перадаць Івашыну ў турму: супакаяльныя, снатворныя, сардэчныя. Па словах начальніка мэдчасткі, Дзянісу некалькі разоў на дзень робяць ЭКГ і мераюць пульс.

Лекар патлумачыў, што такое парушэньне работы сэрца можна выправіць, калі прыбраць стрэсавы фактар. Аднак цяпер ва ўмовах турмы гэта немагчыма, лічыць маці.

Людміла Івашына перажывае, што Дзяніс шмат чаго хавае ад родных, каб тыя за яго не хваляваліся. Яна ўзгадала, што пасьля першага карцару Дзяніс ужо прасіў сардэчныя лекі, але тады сваякі не зразумелі, навошта яны яму спатрэбіліся.

Людміла Івашына таксама сустрэлася з намесьнікам начальніка турмы Вадзімам Шыкелем наконт карэспандэнцыі. Той зноў запэўніў, што такога ня можа быць, або лісты далучаюць да крымінальнай справы. Аднак калі лісты і вымаюць, то з гэтым Дзяніса не знаёмяць.

Маці атрымала з 12 лістоў Дзяніса толькі 7. Больш як месяц лісты паміж Дзянісам і роднымі перасталі хадзіць, хоць іх пішуць штотыдзень.

Са сваякамі Дзяніса Івашына зьвязаліся прадстаўнікі амэрыканскага пасольства, а таксама Францускай асацыяцыі журналістаў. Яны сочаць за лёсам Дзяніса і гатовыя аказваць патрэбную дапамогу.

«Сьвет сочыць, і гэта добра», — мяркуе маці.

Хто такі Дзяніс Івашын

Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.

Днямі Шон Хогі, сябра Палаты прадстаўнікоў Ірляндыі, прыняў «хроснае бацькоўства» над палітвязьнем Дзянісам Івашыным.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG