Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць максымальнага пакараньня для жыхара Гомля, які абразіў начальніка мясцовага АМАП


29 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў разгляд крымінальнай справы за «публічную абразу прадстаўніка ўлады». Пацярпелы — начальнік гомельскага АМАП Міхаіл Дамарнацкі.

Справу разглядае судзьдзя Алеся Осіпава. Абвінавачаньне прадстаўляе Натальля Капітанава. Абвінавачаны — 56-гадовы Аляксандар Анопа.

Пацярпелы на суд не зьявіўся, але папрасіў спагнаць з абвінавачанага маральную шкоду. Абразу з двух словаў ён ацаніў у тысячу рублёў.

Аляксандра Анопу абвінавацілі ў тым, што 8 сьнежня 2020 году ён пакінуў камэнтар пад здымкам начальніка гомельскага АМАП, разьмешчаным у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

«Камэнтар супярэчыць агульначалавечай маралі, ён у непрыстойнай форме абражае прадстаўніка ўлады, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы», — заўважыла пракурорка.

Аляксандар віну прызнаў часткова. На судзе зачыталі ягоныя паказаньні падчас сьледзтва. Абвінавачаны зазначаў, што прытрымліваецца апазыцыйных поглядаў, таму што хоча пераменаў. На выбарах галасаваў на Сьвятлану Ціханоўскую. Да АМАП мае непрыязнае стаўленьне. Дамарнацкага ведае асабіста і ставіцца да яго таксама непрыязна. Такі камэнтар пакінуў, бо кажа, што выклікаў начальніка АМАП на паядынак, а той яму не адказаў.

Пракурорка дапытала абвінавачанага.

— Для чаго вы пісалі камэнтар?

— Я думаў, што ён чытае тэлеграм.

— Каб уступіць зь ім у кантакт?

— Так.

— Чым вы можаце патлумачыць вашу празьмерную актыўнасьць у сацыяльных сетках?

— А што — гэта забаронена? Я маю стасункі з рознымі людзьмі, размаўляем зь імі.

— Вы казалі на допытах, што хочаце перамен? А што вы робіце для гэтага? Камэнтары пішаце?

— Я працую!

— Усе мы працуем!

— Я бачыў іншае жыцьцё, калі за працу плацяць добрыя грошы, а не жабрацкі заробак.

Натальля Капітанава ў спрэчках выказалася, што віна Анопы даказаная.

«Прымаючы пад увагу асобу абвінавачанага, характар грамадзкай небясьпекі, мэтазгодна выбраць пакараньне, якое дасягне мэты крымінальнай адказнасьці», — зазначыла пракурорка і прасіла пакараць гамельчука абмежаваньнем волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія») на тры гады. Гэта максымальнае пакараньне па артыкуле 369 КК.

«Я не лічу, што я такі злосны злачынца, што мяне трэба садзіць у турму. Я думаю, што на свабодзе я прынясу больш карысьці, працуючы. Мая праца зьвязаная з будаўніцтвам жытла для людзей. Я не лічу сябе небясьпечным», — сказаў у спрэчках Аляксандар.

Суд працягнецца 5 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG