Год «хіміі» за сарваны чырвона-зялёны сьцяг
Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічаў вынес прысуд 32-гадоваму Сяргею Муравейку «за зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь» (арт. 370 КК), піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Справу разглядала судзьдзя Юльляна Шчэрба.
Па інфармацыі Вярхоўнага суду, абвінавачаны Муравейка 24 траўня 2021 году сарваў дзяржаўны сьцяг, замацаваны ля ўваходу ў будынак Баранавіцкай гарадзкой управы ЖКГ, зламаўшы пры гэтым тронак сьцяга.
У судовым пасяджэньні Муравейка віну прызнаў цалкам. Зьмякчальнай акалічнасьцю суд прызнаў раскаяньне мужчыны, а абцяжлівай — стан ап’яненьня.
Суд прызнаў Муравейку вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хімію» — на тэрмін 1 год.