Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Студэнты — галоўнае капіталаўкладаньне нашай краіны». Відэазвароты супраць гвалту сталі рэчавымі доказамі ў судзе


У Савецкім раённым судзе працягваецца працэс па «справе студэнтаў», на якім 12 чалавек абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Суд пачаўся 14 траўня. Ужо дапытаныя сьведкі, вывучаныя дакумэнты. На паседжаньні 25 чэрвеня праглядалі відэа і слухалі запісы размоў студэнтаў па тэлефонах ды праз інтэрнэт, запісаныя КДБ. А першыя дзьве гадзіны праглядалі відэа акцый, якія летась праходзілі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Ахоўнік, «далучайся»

Запіс, паказаны першым, быў зроблены зь відэарэгістратара ахоўніка ў кастрычніку мінулага году. У судзе запіс дэманстраваўся ў паскораным тэмпе на экране памерам мэтар на паўтара, які ўсталяваны на сьцяне насупраць клеткі з падсуднымі. Бачнасьць запісу аказалася дрэнная, затое было добра чуваць, як адразу некалькі дзясяткаў маладых чалавек перад уваходам у ВНУ скандуюць «Жыве Беларусь», «Свабоду» і рытмічна пляскаюць у ладкі.

Другое відэа аказалася лепшай якасьці. На ім на ганку БДУІР відаць больш за 20 студэнтаў, якія пэрыядычна выкрыкваюць «Жыве Беларусь», «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя». Побач у ВНУ праходзяць людзі, у асноўным моладзь, але не відаць, каб хто зь іх далучаўся да пратэстоўцаў. Удзельнікі акцыі пачынаюць сьпяваць і пляскаць у ладкі. Ім гучна сыгналяць аўтамабілі.

Трэцяе відэа, зьнятае ў холе БДУІР, таксама празь відэарэгістратар, адразу аглушае моцнымі воплескамі, хоць удзельнікаў акцыі зноў амаль не відаць. Чуваць, як ахоўнік просіць студэнтаў паводзіць сябе цішэй, бо «шум перашкаджае вучэбнаму працэсу».

Наступны запіс зроблены ў калідоры. Ахоўнік, які здымаў гэтае відэа, праходзіць у памяшканьне і натыкаецца на людзей, якія скандуюць «Выпускай», «Далучайся» і «Жыве». У кадар трапляе чалавек сярэдняга веку з разгубленым тварам. Потым бачны міліцыянт, які ў тэлефон расказвае пра тое, што адбываецца перад ягонымі вачыма. Тым часам праз калідор ідуць дзясяткі студэнтаў, зноў гучыць «Далучайся» і воплескі. Чалавек, які здымае відэа, пераходзіць у іншае памяшканьне, дзе таксама гучыць «Далучайся» і «Жыве!». Зь відэа вынікае, што аўтар сутыкнуўся з маршам студэнтаў у калідоры, міма праходзіць больш за 50 чалавек. Некаторыя ў масках. Студэнты скандуюць «Забастоўка» і пляскаюць у ладкі. Іх ніхто не спыняе, не папярэджвае і не пярэчыць. Вокліч «Жыве Беларусь» становіцца мацнейшым, калі яго падхопліваюць дзясяткі чалавек.

У наступным відэа фігуруе яшчэ больш людзей. Здымаюць з пляцоўкі каля белай лесьвіцы хола БДУІР. Дзясяткі студэнтаў выходзяць у хол і адтуль на ганак. Чалавек, які здымае відэа, пытаецца ў хлопцаў іх прозьвішчы. Тыя задаюць сустрэчнае пытаньне: «А дзеля чаго?». «Тут несанкцыянаванае мерапрыемства», — тлумачыць голас і працягвае: «Дык вы адмаўляецеся назвацца?» Урэшце хлопцы ад аўтара відэа сыходзяць. Міліцыянт набліжаецца да натоўпу студэнтаў з бчб-сьцягам і просіць прыбраць сьцяг. «Проста прыбярыце. Вам будзе менш праблемаў», — кажа міліцыянт. Але сьцягі застаюцца ў натоўпе. У кадры студэнт, які абгарнуў плечы сьцягам. Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымаюць у руках самаробныя плякаты, тэкстаў якіх ня відаць.

«Прыбіраць сьцяг ня будзем»

Суд Савецкага раёну Менска
Суд Савецкага раёну Менска

Студэнты ўвесь час рытмічна пляскаюць у ладкі і на працягу ўсяго відэа не разыходзяцца. Чуваць аўтамабільныя сыгналы, на якія студэнты рэагуюць гучнымі крыкамі. Ля ўваходу ў БДУІР вісіць дзяржаўны сьцяг, побач зь ім нікога няма. Міліцыянт, які здымае відэа, пачынае перамаўляцца з калегамі, і раптам хуткасьць відэа паскараецца настолькі, што не разабраць словаў. Але нармальны гук вяртаецца, калі міліцыянт пытаецца ў студэнтаў пра пасьведчаньні і ўгаворвае прыбраць сьцягі. Хлопец, які абгарнуўся бчб-сьцягам, кажа міліцыянту, што яму больш даспадобы гэты сьцяг, а не чырвона-зялёны.

Наступнае відэа — з таго ж месца каля ўваходу ў БДУІР. Малады чалавек у кепцы і мэдычнай масцы ня хоча называць сваё прозьвішча, але потым паказвае візытоўку. «Вы ж у курсе пра наступствы», — кажа аўтар відэазапісу, падыходзячы да хлопцаў з бчб-сьцягам. «Забароненая сымболіка, несанкцыянаванае мерапрыемства, — кажа міліцыянт. — А дакумэнты ў вас ёсьць?» Тыя не называюцца, але і не сыходзяць. Падыходзіць яшчэ адзін міліцыянт. «Дык будзеце прыбіраць сьцяг?» — паўтарае аўтар відэа. Хлопцы не паддаюцца: «Не, ня будзем». Аўтар відэа пачынае нешта расказваць праз тэлефон, і гукавы запіс зноў паскараецца настолькі, што словаў не разабраць.

«Чалавек, напэўна, 30 ці больш», — з гэтых словаў міліцыянта пачынаецца новы запіс, які зроблены ў холе навучальнай установы. Канец заняткаў, студэнты адзін за адным выходзяць на вуліцу. Міліцыянт ідзе за імі. Бачна, што на пляцоўцы перад вучэльняй некалькі дзясяткаў чалавек. Яны скандуюць «Жыве Беларусь» і пляскаюць у ладкі. «Гучыць «Усе за аднаго».

Далей суд праглядае відэазапіс звароту выкладчыкаў і студэнтаў БДУ. Сярод удзельнікаў звароту адна з падсудных у справе — Ксенія Сырамалот. Пра што кажуць аўтары звароту?

Студэнты і выкладчыкі па чарзе вымаўляць па-беларуску: «Маем права выказвацца супраць гвалту, хлусьні, несправядлівасьці, парушэньня свабод і Асноўнага Закону нашай краіны». «Мы бачым, што адбываецца сёньня ў краіне: людзей за іх думкі і выказваньні звальняюць, зьбіваюць, калечаць, затрымліваюць, штрафуюць, вывозяць за мяжу, забіваюць, пазбаўляюць грамадзянства. Ніхто не нясе за гэта адказнасьці». «Рэктар БДУ Андрэй Кароль асабіста паабяцаў, што ніводзін студэнт, выкладчык ці супрацоўнік БДУ ня будзе звольнены ці адлічаны за сваю палітычную актыўнасьць. Але праз два тыдні ад пачатку навучальнага году была звольненая выкладчыца Сьвятлана Ваўчок. Мы лічым, што гэта палітычна матываванае звальненьне, і патрабуем аднавіць Сьвятлану на працы». «Калі не абаронім яе, наступным можа стаць кожны з нас». «Мы выступаем супраць гвалту над мірнымі пратэстоўцамі, гэта не палітычнае пытаньне, а пытаньне гуманізму». «Мы ня можам заплюшчыць вочы і проста вучыцца і вучыць, калі ў краіне адбываецца прававы дэфолт». «Як і ўвесь беларускі народ, мы ня будзем маўчаць». «Сёньняшнія студэнты — галоўнае капіталаўкладаньне нашай краіны, яны — наш адзіны і сапраўдны залаты запас».

А вось што сказала ў звароце Ксенія Сырамалот: «Унівэрсытэт — гэта месца, дзе мы павінны выкладаць і вучыцца ня толькі авалодваць ведамі, але таксама здабываць і адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю».

«Мы ўсё роўна жывыя»

Далей суд праслухаў матэрыялы гэтак званага «слыхавога кантролю» падсуднай Марыі Каленік.

На першым запісе мужчынскі голас прапанаваў правесьці канфэрэнцыю пра тое, якой павінна быць вышэйшая адукацыя ў Беларусі. «Гэта было б здорава», — кажа Марыя і выказвае свае погляды на тое, як лепш зрабіць такую канфэрэнцыю. Размова ідзе па-беларуску, па-ангельску і па-расейску.

Наступная «праслушка» — пра сумесную акцыю страйкамаў менскіх ВНУ. Гучаць розныя галасы. «Трэба падумаць, як гэта зрабіць. У нас асаблівая сытуацыя», — кажа дзяўчына. Ад яе гучыць думка, што трэба мяняць фармат акцый, не рызыкаваць актывам, які цяпер пад пагрозай затрыманьняў і адлічэньняў. «Мы ўсё роўна жывыя, у нас усё атрымаецца», — упэўнена іншая дзяўчына. Хлопец кажа, што «ўсё роўна можна правесьці акцыю ўнутры ўнівэрсытэту». Першы дзявочы голас не такі аптымістычны: «Самыя актыўныя выйдуць, іх адлічаць — і што далей? У нас ужо было, што выходзілі толькі чалавек 15. Цяпер і іх затрымаюць, і што тады? А які штуршок патрэбны, каб выйшлі ўсе — ня ведаю».

Яшчэ адзін дзявочы голас расказаў пра сытуацыю ў ВНУ. Што за тры тыдні сытуацыя пагоршала, цяпер у кожным корпусе ўвесь час дзяжураць «дзядзечкі ў форме», па тэрыторыі ходзяць патрулі, ёсьць адлічаныя студэнты. На гэта студэнт пярэчыць, што падтрымка застаецца вялікай, да 90% студэнтаў салідарныя з тымі, хто заклікаў страйкаваць.

Патрабаваньне вызваліць палітзьняволеных было на першым месцы

Пасьля перапынку на абед суд праслухоўваў размовы з удзелам Вікторыі Гранкоўскай, Яны Арабейкі і выкладчыцы БГУІР Вольгі Філатчанкавай. Таксама ў судзе прагучаў відэазварот студэнтаў мэхмату БДУ, які пачаўся з патрабаваньня вызваліць да 25 кастрычніка ўсіх палітычных зьняволеных.

Відэазвароты, якія праглядае суд, лічацца рэчавымі доказамі.

У працэсе абвешчаны перапынак, суд адновіцца 1 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG