Выданьне піша, што абвінавачаная заключыла пагадненьне са сьледзтвам і прызнала віну. На паседжаньні 23 чэрвеня Ганна Морган Лойд выбачылася перад судом, сваёй сям’ёй і «амэрыканскім народам» за тое, што ў дзень штурму была ў Вашынгтоне і падтрымала Дональда Трампа на мірнай дэманстрацыі.
«Мне сорамна, што падзеі таго дня сталі дзікай праявай жорсткасьці», — сказала яна.
Пракурор сказаў, што абвінавачаная не павінна сядзець у турме, бо правяла ўнутры будынка Капітолія каля 10 хвілін і ня ўдзельнічала ў якіх-небудзь гвалтоўных дзеяньнях і пашкоджаньні маёмасьці. Ён таксама адзначыў, што Морган Лойд супрацоўнічала са сьледзтвам, падрабязна адказвала на пытаньні, дазволіла вывучыць свой тэлефон, а таксама на яе рахунку няма іншых злачынстваў.
У лісьце да судзьдзі Лойд напісала, што яна была за дэмакратаў, але ў 2016 годзе пачала разам з мужам падтрымліваць Трампа, таму што «ён адстойваў тое, у што мы верым».
Пасьля арышту адвакат Лойд даў ёй сьпіс кніг і фільмаў, каб дапамагчы ёй «убачыць, якое жыцьцё іншых у нашай краіне».
«Я пражыла абароненае жыцьцё і на самай справе не адчувала яго так, як многія, — напісала Лойд. — Я даведалася, што, нават нягледзячы на тое, што мы жывем у цудоўнай краіне, усё яшчэ трэба паляпшаць. Людзі любога колеру скуры павінны адчуваць сябе ў бясьпецы, ідучы па вуліцы, як і я».
Як адзначае Associated Press, усяго ў справе аб штурме Капітолія праходзіць каля 500 чалавек.
Дональд Трамп адмовіўся прызнаць перамогу кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэна ў прэзыдэнцкіх выбарах ЗША, якія адбыліся ў 2020 годзе. Трамп неаднаразова заяўляў аб маштабным махлярстве, не даючы якіх-небудзь доказаў. Каманда юрыстаў Трампа і яго прыхільнікі падалі каля 60 судовых пазоваў, патрабуючы пералічыць галасы ў некалькіх штатах, але амаль усе яны былі адхіленыя фэдэральнымі судамі або судамі асобных штатаў. Два пазовы адхіліў Вярхоўны суд. Прадстаўнікі выбарчай камісіі і Міністэрства юстыцыі заявілі, што словы Трампа ня маюць пад сабой глебы.
На мітынгу ў Вашынгтоне 6 студзеня Трамп зноў заявіў, што «выбары былі скрадзеныя». Пасьля яго выступу некалькі соцень прыхільнікаў Трампа ўварваліся ў будынак Капітолія падчас сумеснага пасяджэньня абедзьвюх палат Кангрэсу, на якім павінны былі зацьвердзіць вынікі выбараў. Заканадаўцаў тэрмінова эвакуявалі з будынка. Падчас штурму Капітолія загінула адна прыхільніца Трампа. Празь некалькі гадзін пасьля захопу будынку Кангрэс канчаткова пацьвердзіў перамогу Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах ЗША.