Ці палохае магілёўцаў няякасная вада на возеры
У сьпіс забароненых месцаў для купаньня 7 гадоў трапляе і самы глыбокі вадаём рэгіёну — Грабянёўскае возера, або, як яго называюць у народзе, Сьвятое. Тут на кабінках для пераапрананьня вывешаныя абвесткі з адпаведным зьместам.
Тыя, з кім удалося пагутарыць, заявілі, што пра забарону купацца ўпершыню чуюць ад журналіста. Некаторыя прызналіся, што ігнаруюць папярэджаньні, бо «сярод знаёмцаў, якія ня першы год ходзяць купацца, няма пацярпелых ад вады з возера». Яны сьцьвярджаюць, што ў выходныя дні пляж повен народу. У будні людзей меней, але большасьць лезе ў ваду.
Былі суразмоўцы, якія толькі загаралі. Па іхных словах, ратавальнікі пэрыядычна інфармуюць пра забарону купацца і рэкамэндуюць заставацца на пляжы. Але і сярод абачлівых адпачывальнікаў трапляліся тыя, хто не ўтрымаўся, каб не «дакрануцца да вады».
«Я толькі залез па калена, але акунацца ня стаў, — кажа адзін з такіх. — Чуў, што купацца тут нельга, але вада, зразумейце, у сьпёку вабіць. Дзяцей бачыце колькі».
Мужчына дадае, што жыве непадалёк і часьцяком наведвае грабянёўскі пляж. Адзначае, што на ягоных вачах возера забруджвалася, Сёлета вада яшчэ выглядае чыстай, а раней ля берага боўталася арганіка. У тое, што праблему вырашаць, ён ня верыць.
У Магілёўскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі кажуць, што ў Грабянёўскім возеры ня выявілі патагенных бактэрыяў, такіх як сальманэла ці шыгела — узбуджальнік дызэнтэрыі, аднак зафіксавана перавышэньне дапушчальнага паказчыка агульнамікробнага забруджаньня. Ігнараваньне рэкамэндацыяў санітарна-эпідэміялягічных службаў можа прывесьці да заражэньня шэрагам небясьпечных інфэкцыяў. У арганізм яны могуць трапіць як праз заглытваньне вады, так і праз пашкоджаньні на скуры, адзначылі ва ўстанове.
Што ня так з возерам
У 2012 годзе возера прызнавалася самым чыстым вадаёмам у горадзе, а праз два гады выдалі прадпісаньне аб забароне купаньня, бо вада не адпавядала стандартам па мікрабіялягічных паказчыках. Тады ж заяўлялася: каб возера выратаваць, трэба пачысьціць дно ад арганічных адкладаў, пласт якіх дайшоў да двух мэтраў. Стан возера называўся крытычным.
У забруджваньні вады тады вінавацілі птушак, што гняздуюцца на востраве пасярод возера.
Да гарадзкіх уладаў, каб пачысьцілі вадаём, зьвярталіся мясцовыя жыхары. У 2015 годзе сабралі 6500 подпісаў. Пэўнага адказу чыноўнікі тады не далі.
Сёлета ў рэпартажы мясцовай тэлевізіі прычынамі забруджваньня зноў назвалі птушак, дадалі яшчэ замкнёную акваторыю вадаёму, зь якога не выцякае рэчак. Ліквідаваць птушыны востраў, гаварылася ў рэпартажы, браліся ў 2015 годзе, але тады не было грошай.
Цяпер працы ацэньваюцца ў 100–120 тысяч рублёў. Чыноўнікі абяцаюць у гэтым годзе правесьці абсьледаваньне возера, падрыхтаваць перадпраектную дакумэнтацыю і распрацаваць захады па яго ачыстцы.
Пра само возера
Сьвятое возера — помнік прыроды. Глыбіня сягае 19 мэтраў. Гэта ўлюбёнае месца адпачынку магілёўцаў. На беразе вакол возера шмат бытавога сьмецьця, трапляюцца мёртвыя птушкі.
Упершыню ў гістарычных хроніках возера згадваецца ў 1643 годзе. Паводле жыхароў пасёлку Грабянёва, пяць дзясяткаў гадоў таму возера было невялікае. Калі паблізу пачалі масава будаваць жыльлё, з вадаёму бралі пясок. Возера значна павялічылася як памерамі, гэтак і глыбінёю.
Паводле старажылаў, складаную сыстэму сувязі возера з Дняпром зьнішчылі мэліяратары. З таго часу вада ў ім зрабілася стаячай, чысьціць не спрабавалі. Працы камунальнікаў зводзіліся да парадкаваньня пляжу.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.