«Матэрыялаў каля 30 тамоў, ня менш за тры дні спатрэбіцца, але тады яшчэ спрэчкі не пачнуцца. Яшчэ будзе допыт абвінавачаных», — паведаміла крыніца з суду.
10 студэнтаў, выкладчыца і выпускніца, якіх судзяць за арганізацыю пратэставых акцый, яшчэ не давалі паказаньняў і не акрэсьлілі публічна сваю пазыцыю адносна абвінавачаньня. Вядома толькі, што сама меней адзін з падсудных прызнаў віну цалкам.
Вось што прагучала ў судзе 18 чэрвеня.
Пракурор пачаў зачытваць матэрыялы справы з 11-га тома. Фігуруюць тэлеграм-каналы «БДУ 97%», «МГЛУ за Свободу», «Вольный профсоюз БГУ» і «Мирный БГУИР». На іх адрас гучыць фармулёўка «канал для арганізацыі мерапрыемстваў». Фігуруюць фота і скрыншоты пра акцыі пратэсту, якія ладзілі студэнты менскіх ВНУ. Прыкладам, як каля БДУ перагароджвалі вуліцу Ленінградзкую, альбо як студэнты МДЛУ скандавалі «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Таксама згадваўся ТГ-канал Сьвятланы Ціханоўскай, яе зварот да студэнтаў і выкладчыкаў.
Агучаныя матэрыялы дазваляюць скласьці ўражаньне, наколькі масавымі і працяглымі былі пратэсты студэнтаў БДУІР.
Вось што зачытваў пракурор пра прыкладзеныя да справы відэа.
«Маладыя людзі скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам», «Кожны дзень».
Наступны запіс: «Скандуюць «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя». Пракурор дадае, што праход у галоўны корпус БДУІР «перакрыты фактычна цалкам».
Відэа ад 30.09.2020: «На галоўнай лесьвіцы БДУІР ня меней за 60 чалавек. Усе пляскаюць у ладкі і скандуюць „Адпускай“ ды „Жыве Беларусь“».
Пра відэа ад 5 кастрычніка: «Пляскаюць ня меней за 40 чалавек».
6 кастрычніка: «Ня меней за 40 студэнтаў каля будынку галоўнага корпусу скандуюць „Адпускай“, „Жыве Беларусь“, „Пераможам“».
8 кастрычніка сытуацыя фактычна паўтарылася: «Каля БДУІР скандуюць „Кожны дзень“, пляскаюць, крычаць „Адпускай“ і трымаюць у руках плякаты».
26 кастрычніка. «Удзельнічаюць 30 чалавек. Скандуюць „Да-лу-чай-ся“. Іх папярэджваюць, каб паводзілі сябе цішэй. Але тыя не сьціхаюць. Пачаўся моладзевы марш па тэрыторыі. Рухаюцца па калідорах, скандуюць, пляскаюць у ладкі. Ідуць да галоўнага корпусу. Там ня меней за 70 чалавек. Сярод іх жанчына, падобная да Філатчанкавай».
«Слыхавы кантроль» — гэта праслухоўваньне
Наступным суд вывучае 12-ы том справы.
Гучыць пра пратакол, складзены на абвінавачаную Марыю Каленік. Сказана, што адносна яе праводзілі «слыхавы кантроль» — то бок спэцслужбы праслухоўвалі тэлефон дзяўчыны. Фігуруе запіс размовы ўдзельнікаў відэаканфэрэнцыі — прадстаўнікоў стачкамаў ВНУ, сярод іх і Марыя Каленік.
Пракурору дрыль не замінаў
У 13 томе сабраныя дакумэнты, якія тычацца студэнткі БДУ, актывісткі ЗБС Ксеніі Сырамалот.
У першым агучаным дакумэнце згадваецца, што Ксенія Сырамалот нібыта ўдзельнічала ў акцыі 6 кастрычніка. «Але гэтая акцыя не фігуруе ў справе», — папраўляе пракурора адвакат Ксеніі. Судзьдзя абяцае даць ацэнку «ўсім прадстаўленым доказам».
Пракурор працягвае зачытваць дакумэнты, як раптам за сьцяной пачынае гучна вібраваць будаўнічы дрыль. У залі голас пракурора амаль не чуваць, аднак судзьдзя не спыняе працэс, і пракурор далей зачытвае матэрыялы справы. Празь некалькі хвілін цішыня вяртаецца, але потым зноў грыміць дрыль. Працэс між тым працягваецца.
Праз шум удаецца пачуць дадзеныя з прыватнай перапіскі Ксеніі Сырамалот. Студэнтка абмяркоўвае пераарыентацыю беларускіх ВНУ на адукацыю эўрапейскага ўзору. «Якая вышэйшая адукацыя патрэбна Беларусі?» — тэма, прапанаваная ёй для дасьледаваньня. Перапіска вядзецца па-беларуску.
«Мусім адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю»
Яшчэ адзін дакумэнт — рэзюмэ Ксеніі Сырамалот.
З наступнага дакумэнту вынікае, што Ксенія цікавілася зваротам аб адмене сьмяротнага пакараньня.
Агучваецца размова Ксеніі Сырамалот з Марыяй Каленік. Адна студэнтка кажа другой: «Трэба лепш падрыхтавацца». Яшчэ цытата: «Тое, што да нас прыяжджаюць нейкія чынушы, гэты вынік папярэдніх акцый».
Згадваюць відэазварот студэнтаў і выкладчыкаў БДУ: «Мы ня будзем маўчаць, а будзем казаць праўду», — цытуе пракурор. На 4 хвіліне выступае Ксенія Сырамалот. Пракурор прыводзіць яе словы: «Унівэрсытэт — гэта месца, дзе мы ня толькі набываем веды, тут мы мусім таксама набываць і адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю».
У 14-м томе — таксама пра Ксенію Сырамалот. Зь сябрам яны абмяркоўваюць зьвесткі пра затрыманых студэнтаў і суды над імі.
Таксама гучаць парады, што рабіць студэнтам 1 верасьня.
Наступныя зьвесткі зь перапіскі студэнткі: «Прапаноўвала рабіць улёткі і плякаты для жаночых ініцыятыўных груп».
«Знайшла сваё прозьвішча сярод сяброў КС»
З 15-га тома справы пачынаюцца дакумэнты, якія тычацца выпускніцы МДЛУ Аланы Гебрэмарыям.
Да арышту супрацоўнікамі КДБ 12 лістапада Алана была сябрам Каардынацыйнай рады, дарадцай Сьвятланы Ціханоўскай па працы з моладзьдзю. У судзе агучваюць перапіску Аланы Гебрэмарыям. На яе адрас паступаюць пытаньні адносна КС, у прыватнасьці, як можна зьвязацца зь сябрамі прэзыдыюму КС, што такое студэнцкі страйк і чаго можна ім дамагчыся. «Мы мусім дамагчыся перамогі сваімі рукамі, бо ніхто за нас гэтага ня зробіць», — цытуецца адказ.
«Я працую са студэнтамі», — адказвае Алана чалавеку па прозьвішчы Лаўрэцкі. Далей зь дзяўчынай абмяркоўваюць дапамогу студэнтам, якія падпалі пад рэпрэсіі. Алана тлумачыць, што такое праграма Каліноўскага. Некаму раіць выехаць ва Ўкраіну і там прасіць візы ў Эўразьвяз.
Яшчэ адна гутарка ў Тэлеграме. Абмяркоўваюць «народны ўльтыматум» і зноў дапамогу рэпрэсаваным студэнтам, у тым ліку працяг вучобы за мяжой.
З далейшай перапіскі: «Галоўнае — прыбраць Лукашэнку, а потым усё іншае».
12 лістапада Алану Гебрэмарыям затрымалі, згадваецца пратакол яе затрыманьня, а потым зварот Аланы да старшыні КДБ. Затрыманая ўказвае, што займалася валянтэрскай мэдычнай дзейнасьцю, пазнаёмілася з Вольгай Кавальковай, сама не падавала заяву на сяброўства ў КС, але потым убачыла сваё прозьвішча ў гэтай структуры. Ад Сьвятланы Ціханоўскай атрымала прапанову быць яе прадстаўніцай у справах моладзі і дала згоду.
Далей пракурор пералічвае рэчы і дакумэнты, якія забралі пасьля вобшуку кватэры, дзе жыла Алана. Дзяўчына сьцьвярджае, што забралі ў тым ліку тэхніку і лісты, якія ёй не належаць. Адвакат Аланы Гебрэмарыям зьвярнуў увагу суду на тое, што ў справе ёсьць матэрыялы пэрыяду 2018–2019 гадоў, які не фігуруе ў абвінавачаньні.
«Двойчы давялося праходзіць мэталашукальнік»
На паседжаньні 18 чэрвеня прысутнічалі больш за 20 наведнікаў, у тым ліку сваякі і сябры падсудных.
«Нас прапусьцілі ў суд без праблем, але давялося прайсьці праверку ажно праз два мэталашукальнікі», — расказала маці аднаго з падсудных. Непрыемнае ўражаньне ў жанчыны засталося ад іншага: яе родную сястру судзьдзя выдаліла ўжо на першай хвіліне працэсу.
«Павітала рукой пляменьніка ў момант, калі ў залю ўваходзіла судзьдзя, але працэс тады яшчэ не пачаўся. Выдаліла адразу. У чым тут парушэньне, незразумела», — сказала жанчына, якая да перапынку мусіла чакаць у калідоры.
Працэс з 17 чэрвеня праходзіць у новым будынку Савецкага і Першамайскага раённых судоў на вуліцы Францыска Скарыны.
На сёньняшнім паседжаньні прысутнічалі адразу па 4 ахоўнікі ў бронекамізэльках, з начэпленымі на іх відэарэгістратарамі. Ахоўнікаў пэрыядычна замянялі. Акрамя гэтых міліцыянтаў, за наведнікамі ў залі сачыў чалавек у цывільным, які напярэдадні паседжаньня быў сярод міліцыянтаў, што абслугоўваюць мэталашукальнікі.
Адна з наведніц ацаніла абстаноўку на лаве падсудных як пазытыўную. «Яны ж амаль усе зусім маладыя, амаль дзеці. Вітаюцца, шлюць нам усьмешкі і пацалункі. Пераглядаюцца і відаць, што нават жартуюць. Ніхто зламаным не выглядае», — сказала наведніца.
Паводле даведак з «Валадаркі», ніхто зь фігурантаў справы на каранавірус не захварэў.
Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»
Анастасія Булыбенка
Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Вікторыя Гранкоўская
Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.
Алана Гебрэмарыям
Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.
Глеб Фіцнер
Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.
Тацяна Якельчык
Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.
Ягор Канецкі
Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.
Яна Арабейка
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.
Ксенія Сырамалот
Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.
Кася Будзько
Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Ільля Трахтэнберг
Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.
Марыя Каленік
Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.
Вольга Філатчанкава
Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.