3 чэрвеня сілавікі затрымалі нібыта за сьцяг на акне аўтара Youtube-каналу «ЧестнОК», журналіста Tribuna.com і форварда футбольнага клюбу «Крумкачы»Аляксандра Івуліна, а таксама мантажора каналу, былога супрацоўніка БТ Яраслава Пісарэнку.
Усе 15 сутак Яраслаў Пісарэнка адсядзеў на Акрэсьціна. Па яго словах, першыя пяць дзён знаходзіўся ў перанаселенай камэры без матрацаў і бялізны, астатні тэрмін правёў яшчэ з трыма асуджанымі, усім выдалі неабходныя пасьцельныя рэчы.
Па зьвестках суседзяў, у той дзень людзі ў цывільным прыйшлі ў іх кватэру каля 13-й. Агучылі прэтэнзіі да сьцяга на акне, хоць на момант ператрусу палотнішча там не было. Праз гадзіну кватарантаў вывезьлі на дзьвюх машынах у пастарунак.
4 чэрвеня іх справы разглядаў суд Фрунзэнскага раёну Менску. Яраслава Пісарэнку пакаралі арыштам на 15 сутак, Аляксандра Івуліна -- на 30 сутак.
Яраслаў Пісарэнка ў жніўні пакінуў БТ, дзе працаваў вядоўцам і камэнтатарам.
Раней пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю яшчэ адзін спартовы журналіст Дзьмітры Рута. Яго затрымалі за заўзятарскі шалік у салёне аўтамабіля.