У Менск з Багдада чатыры разы на тыдзень прылятае вялікі авіялайнэр. Хто сустракае пасажыраў і што адбываецца з гэтымі людзьмі далей?
Ад пачатку траўня ўлады Літвы пачалі паведамляць, што на мяжы зь Беларусьсю складваецца небясьпечная сытуацыя. Колькасьць уцекачоў з Іраку і Сырыі, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Літву зь Беларусі, павялічылася шматкроць. Пры гэтым літоўскі бок прама абвінавачвае сваіх беларускіх калег у бязьдзеяньні.
Днямі агенцтва БелТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміла, што «з пачатку бягучага года адзначаецца істотны рост колькасці мігрантаў, якія робяць спробы незаконна патрапіць у краіны Эўразьвязу». Паводле іх, на мяжы зь Літвой колькасьць затрыманых нелегальных мігрантаў вырасла практычна ў 20 раз.
З траўня рэйсаў стала ўдвая болей
Абвастрэньне на мяжы супала з павелічэньнем колькасьці прамых авіярэйсаў з Багдада ў Менск. З 2017 году ў Беларусь з Іраку двойчы на тыдзень робіць рэйсы авіякампанія Iraqi Airways. На пачатку траўня 2021 году да яе дадалася яшчэ адна — Fly Baghdad. Яе самалёты таксама прылятаюць у Беларусь два разы на тыдзень — па панядзелках і чацьвяргах (Iraqi Airways выконвае рэйсы па панядзелках і пятніцах).
Абодва перавозчыкі выкарыстоўваюць даволі вялікія авіялайнэры. Fly Baghdad лятае ў Менск на Boeing 737-800, які зьмяшчае каля 200 пасажыраў. Iraqi Airways увогуле выкарыстоўвае адну з мадыфікацый Boeing 777 — шырокафюзэляжнага лайнэра, які, у залежнасьці ад камплектацыі, можа зьмясьціць каля трох соцень чалавек. Гэта адзін з самых вялікіх пасажырскіх самалётаў, якія на гэты момант выконваюць рэгулярныя рэйсы ў Беларусь.
Абедзьве авіякампаніі прылятаюць у Менск каля 13:30.
Што мы пабачылі ў аэрапорце
У сераду 16 чэрвеня рэйс з Багдада прызямліўся ў Беларусі разам з чартэрам «Белавія» з Антальлі. Пасажыраў з Іраку сустракалі арганізавана. Для сустрэчы іракцаў ля выхаду з тэрміналу арганізавалі стойку, дзе пасажыраў багдадскага рэйсу адзначаюць у адмысловых сьпісах. Стойка пазначаная лягатыпамі кампаній Oscartur i JoodLand.
Кожнаму з турыстаў (гэта выключна мужчыны ва ўзросьце 30-50 гадоў, прыстойна апранутыя, зь вялікімі валізкамі) пры сустрэчы выдаюць бутэльку вады, а таксама невялікі прэзэнт — загорнуты ў бліскучую абгортку слоік мёду.
Пасьля адзначэньня пасажыраў з Багдаду тыя, хто сустракае, накіроўваюць іх у абменны пункт на другім паверсе аэрапорту, а адтуль арганізавана вывозяць аўтобусамі ў Менск.
16 чэрвеня два з такіх аўтобусаў адвезьлі каля сотні мужчын у менскі гатэль «Рэнэсанс». Усе яны выходзілі з аўтобусаў са сваім багажом каля чорнага ўваходу ў гатэль.
Што вядома пра туркампаніі, які прымаюць пасажыраў з Іраку
Інфармацыі пра кампаніі Oscartur i JoodLand у адкрытым доступе няшмат. Першая зь іх мае профілі ў Instagram і Facebook з 300 і 3800 падпісчыкамі адпаведна. У гэтых сацсетках пазначана, што Oscartur займаецца арганізацыяй турыстычных паездак з Іраку ў Беларусь. Пры гэтым пасты і фатаздымкі ня маюць вялікай колькасьці ўпадабаньняў, у інстаграме Oscartur можна пабачыць толькі 28 пастоў, большасьць зь якіх была зробленая яшчэ ў 2017 годзе. У якасьці кантактаў Oscartur пазначана паштовая скрыня на расейскім сэрвісе mail.ru, а таксама беларускі мабільны нумар.
У сацсетках кампаніі JoodLand падпісчыкаў значна больш, каля 40 тысяч толькі на фэйсбуку. JoodLand базуецца ў Багдадзе, займаецца арганізацыяй паездак у вялікую колькасьць краін, у тым ліку ў Расею.
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Мотолько Помоги» у сераду 16 чэрвеня турысты з Іраку таксама прыбывалі ў іншыя гатэлі Менску. У тым ліку дзяржаўныя — «Беларусь» і «Юбілейная».
Радыё Свабода праз тэлефон зьвярнулася ў кампанію Oscartur па камэнтар. «Не званіце сюды болей. (Далей нецэнзурна — РС.)», — адказалі па нумары, пазначаным на старонках сацсетак кампаніі.
Якія зносіны ў Беларусі з Іракам
Гандлёвыя зносіны паміж Беларусьсю і Іракам застаюцца на нізкім узроўні, статыстыка гандлю таварамі і паслугамі паміж абедзьвюма краінамі нават не трапляе ў штогадовыя зборнікі Белстату. Пры гэтым яна адлюстроўвае, напрыклад, гандаль з Малаві, Парагваем і шэрагам іншых краін, таваразварот зь якімі ў Беларусі каля 1,5 мільёна даляраў.
Па зьвестках Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і каньюнктуры цэнаў МЗС Беларусі, па стане на 2017 год таваразварот паміж краінамі складаў каля 27 мільёнаў даляраў. Пры гэтым увесь абарот прыпадаў на пастаўкі тавараў і паслуг зь Беларусі. Больш за 90% экспарту Іраку прыпадае на нафту і нафтапрадукты. Зьвестак пра закупкі Беларусьсю ірацкіх энэрганосьбітаў пакуль не было.
Паміж краінамі таксама няма непасрэдных дыпляматычных зносін — Ірак у Менску прадстаўляе пасол у Расеі. У Багдадзе дзейнічае толькі ганаровае консульства Беларусі. Адзіная публічная інфармацыя аб афіцыйных кантактах паміж прадстаўнікамі МЗС Беларусі і Іракам вясной 2021 году датычылася магчымага разьвіцьця сфэры турызму і адукацыі.