«Прыехаў на працу. У машыне быў футбольны шалік чырвона-белы. Без „жыве Беларусь“, без усяго. З 90-х гадоў ён у мяне, яшчэ на футбол з бацькам хадзіў. Пазванілі, сказалі, што машына замінае праезду. Ну і ўсё, выйшаў — і ў выніку вось прыбіраю дагэтуль машыну».
Дзьмітрыя Руту сустрэлі баец Іван Ганін, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, барэц Сцяпан Папоў, валейбаліст Артур Удрыс, былы футбаліст Васіль Хамутоўскі, міс Беларусі — 2008 Вольга Хіжынкова, гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў, паведаміла Tribuna.com.
Дзьмітрыя Руту затрымалі 1 чэрвеня. Журналіста абвінавацілі ў «незаконным пікетаваньні» паводле артыкулу 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС Менску складаць пратакол. 2 чэрвеня суд пакараў яго 15 суткамі арышту.