Міжнародная фэдэрацыя паўэрліфтынгу (IPF) перанесла чэмпіянат сьвету ў клясычным паўэрліфтынгу зь Беларусі ў Швэцыю. Турнір меў адбыцца сёлета ў Менску з 23 верасьня па 3 кастрычніка.
У заяве арганізацыі сказана, што «ў сувязі зь бягучай палітычнай сытуацыяй выканкам IPF вымушаны прыняць цяжкае рашэньне пра скасаваньне імпрэзы, беручы пад увагу няпэўную сытуацыю ў гэтай краіне». Турнір у выніку пройдзе ў швэдзкім Гальмстадзе.
Прэзыдэнт IPF Гастон Параж адзначыў, што беларускі арганізацыйны камітэт зрабіў вялікую працу, рыхтуючы прыём спаборніцтваў, але «фэдэрацыя нясе адказнасьць за здароўе і бясьпеку спартоўцаў, трэнэраў і афіцыйных асобаў, і таму гэта было адзіным лягічным рашэньнем».
Раней Беларусь праз палітыку Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць грамадзян пазбавілі права прымаць чэмпіянаты сьвету ў хакеі, Эўропы ў роварным трэку і этап Кубку сьвету ў біятлёне. Акрамя таго, праз забарону палётаў у беларускай паветранай прасторы сарваліся матч да 110-годзьдзя беларускага футболу ў Менску і таварыская сустрэча зборных Беларусі і Сьера-Леонэ, якую плянавалі ў Горадні.