Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня на пасяджэньні 10 чэрвеня выключыла тэлеканал «Беларусь 24» зь пераліку замежных праграмаў, зьмест якіх адпавядае патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб трансьмежавым тэлебачаньні і заканадаўству Ўкраіны.
Падставай стала разьмяшчэньне ў эфіры беларускага каналу «аўдыёвізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Ўкраіны, фільмаў з удзелам актораў, уключаных у пералік асобаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, а таксама за распаўсюджваньне непраўдзівай інфармацыі пра ўкраінскую дзяржаву».
Кіеўская кампанія «Інфармацыйныя тэхналёгіі» па стане на 17.20 выключыла беларускі тэлеканал з кабэльнага вяшчаньня.
Якія парушэньні выявілі
«Пэўны час эфірнае напаўненьне гэтага тэлеканалу істотна адрозьнівалася ад тыповых праўладных беларускіх, паколькі гэта міжнародная вэрсія, імаверна, яны на гэта і зьвярталі ўвагу. Але нядаўна ў часе нашага маніторынгу мы зафіксавалі парушэньні», — заявіў сябра Нацыянальнай рады Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Максім Анапрыенка.
Маніторынг праводзіўся з 19 па 22 траўня. Парушэньні знайшлі ў перадачах «Понять и обезвредить» з удзелам Алега Газманава, «Последний день» з удзелам Барыса Шчарбакова, «Славянский базар. Союзное государство приглашает. Песнярам — 50. Выпуск 1» з удзелам Вольгі Кармухінай.
Апроч таго, 21 траўня ў праграме «Панарама» дэманстраваўся сюжэт «Украінскі сьлед у спробе дзяржперавароту ў Беларусі», у якім прагучала зьнявага на адрас добраахвотніцкага батальёну «Данбас», які ў складзе Нацыянальнай гвардыі абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. У сюжэце батальён назвалі «карніцкім».
22 траўня, таксама ў праграме «Панарама», прадэманстравалі сюжэт пад назвай «Зяленскі адмовіў расейцам у праве лічыцца карэнным народам». Паводле Нацрады, у ім прагучала непраўдзівая інфармацыя, якая дэзынфармуе аўдыторыю і мае прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці.
Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня і радыё дазволіла трансьляваць тэлеканал «Беларусь 24» у ліпені 2015 году.
У Беларусі ўкраінскія агульнанацыянальныя і інфармацыйныя тэлеканалы не прадстаўленыя ўвогуле. У кабэльных сетках можна знайсьці толькі некалькі забаўляльных украінскіх тэлеканалаў. За апошнія гады некалькі разоў беларускі і ўкраінскі бакі абвяшчалі аб папярэдняй дамоўленасьці наладзіць рэтрансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу на тэрыторыю Беларусі, аднак шторазу пляны зрываліся.