У міжнароднай арганізацыі палічылі, што ў спалучэньні зь іншым лёзунгам, нанесеным на футболкі — «Слава Україні!» — ён можа разглядацца як палітычны, паведамляе AFP.
Інфармацыю пра забарону аднаго зь лёзунгаў пацьвердзіла Ўкраінская асацыяцыі футболу, піша ua.tribuna.com.
Пры гэтым словы «Слава Україні!» на футболках застануцца, як і абрысы тэрыторыі Ўкраіны да расейскай акупацыі Крыму і часткі Данбасу, паколькі ААН прызнае тэрыторыю Ўкраіны менавіта ў межах да расейскай агрэсіі.
Расейскі футбольны саюз (РФС), тым ня менш, застаўся незадаволеным такім рашэньнем УЭФА. Пачэсны прэзыдэнт РФС Вячаслаў Каласкоў заявіў, што гэта «ніякае не рашэнне пытаньня».
«Катэгарычна ня згодны з рашэньнем УЭФА! Што „Слава Україні“ палітычны сьлёган, што „Героям слава!“ Прыбраць другое — гэта мінімальная саступка, на якую пайшоў УЭФА, і тое пасьля лістоў РФС. УЭФА стварыла прэцэдэнт, зь якога потым можна ня выйсьці».
Украінская асацыяцыя футболу паведаміла, што зараз вядзе перамовы з УЭФА аб тым, каб пакінуць на форме словы «Героям слава!» У арганізацыі заявілі, што прадставілі аргумэнты, чаму лёзунг мае застацца на футболках.
Раней новыя гульнявыя строі зборнай Украіны на чэмпіянат Эўропы, выкананыя ў трох камплектах — жоўтым, сінім і белым, выклікалі шэраг пратэстаў з боку расейскіх палітыкаў. Яны назвалі гэта спробай палітызацыі спорту.
З украінскага боку, у сваю чаргу, рашэньне УЭФА па забароне словаў «Героям слава!» на форме раскрытыкавалі, заўзятары зборнай Украіны вінавацяць міжнародную арганізацыю ў працы ў інтарэсах расейскай кампаніі «Газпром», якая ўжо шмат год зьяўляецца афіцыйным спонсарам Лігі чэмпіёнаў і іншых праектаў пад эгідай УЭФА.
Чэмпіянат Эўропы ў футболе стартуе 11 чэрвеня. Украінскія футбалісты трапілі ў адну групу з камандамі Аўстрыі, Нідэрляндаў і Паўночнай Македоніі. Зборная Ўкраіны рыхтуецца да турніру ў румынскім Бухарэсьце, а 13 чэрвеня правядзе першы матч зь Нідэрляндамі ў Амстэрдаме.