Прэмію LUX European Audience Award за 2021 год атрымаў фільм «Калектыў» (рэжысэр Аляксандар Нанаў). Другое месца заняў фільм «Божае Цела» рэжысэра Яна Комаса, а трэцяе месца — сумесная дацка-галяндзка- швэдзкая пастаноўка «На падпітку» (рэжысэр Томас Вінтэрбэрг).
Барташ Бяленя, актор зь Беласточчыны, які здымаўся ў фільме «Божае цела», атрымліваючы ўзнагароду ў Страсбуры, прысьвяціў свой выступ Беларусі.
— Я з Польшчы. Польшча знаходзіцца на мяжы Эўрапейскага Зьвязу і Беларусі. За гэтай мяжой катуюць 30 500 чалавек. 476 палітвязьняў знаходзяцца ў турмах, 30 забітых. Усе гэтыя дадзеныя тычацца 2020 году. Што я магу зрабіць сёньня, дык гэта далучыць свой голас салідарнасьці да Яны Шостак, — сказаў ён.
Затым, стоячы ў цэнтры Страсбургскага парлямэнту, ён пачаў нема крычаць. Дэпутаты сустрэлі ягонае галашэньне аплядысмэнтамі.
— «Няхай жыве Беларусь!» — выгукнуў ён у канцы.
- Беларуская мастачка з Горадні Яна Шостак жыве ў Польшчы. Яна запачаткавала пэрформансы-крыкі, якія называе «крыкатэрапіяй». Мастачка хвілінамі з усяе сілы крычыць у розных гарадах, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі. Сама яна называе «крыкатэрапію» свайго кшталту «галасавым помнікам» для ўсіх зьняволеных, забітых і тых, у каго зламаныя жыцьці. «Ёсьць нейкая магчымасьць выкрычацца. Каб можна было выпусьціць усе гэтыя эмоцыі, якія ў нас нарастаюць. І на час становіцца лягчэй», — казала Шостак.
- Фільм Яна Комасы «Божае Цела», у якім Барташ Бяленя згуляў галоўную ролю, заснаваны на рэальнай гісторыі, калі на працягу трох месяцаў 10-гадовы паляк Патрык выдаваў сябе за сьвятара ў невялікім горадзе.
- Прэмія LUX European Audience Film Award заснаваная летась і сёлета была ўручаная ўпершыню. Ляўрэат вызначаецца шляхам галасаваньня як сярод шырокай аўдыторыі, так і сярод членаў Эўрапарлямэнту. Кожнаму боку належыць 50% галасоў.