Чальцы праўленьня вырашылі, што ўдзел беларускай каманды суправаджаецца занадта вялікай колькасьцю непрадказальных фактараў для ўсіх зацікаўленых бакоў. У выніку wild card для менскага «Юнацтва» агнулявалі, паведамляецца на сайце лігі.
«Нядаўні інцыдэнт з самалётам Ryanair у Беларусі і наступныя рэакцыі эўрапейскіх урадаў стварылі непрадказальныя наступствы — паездкі ў Менск сталі складанымі. Рашэньні аб спыненьні авіяпералётаў набылі моц, некаторыя прыпыненыя сама меней да канца кастрычніка. Пры гэтым немагчыма прадбачыць, што можа адбыцца ў далейшым», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Паколькі адной з абавязковых умоваў агульнаэўрапейскага спаборніцтва ёсьць бясьпечнае перамяшчэньне і знаходжаньне камандаў, заўзятараў, афіцыйных асобаў, спонсараў, партнэраў і пастаўшчыкоў паслуг, у дачыненьні Беларусі такія ўмовы не гарантаваныя, адзначаецца ў паведамленьні.
Раней праз гвалт і рэпрэсіі Міжнародная фэдэрацыя хакея пад ціскам грамадзкасьці і спонсараў адмяніла беларускую частку чэмпіянату сьвету, якую мусілі супольна прыняць Менск і Рыга.
У выніку спаборніцтвы прайшлі ў Латвіі, беларуская зборная на чале зь Міхаілам Захаравым, які доўгі час трэнаваў «Юнацтва», па выніках турніру заняла перадапошняе, 15-е месца.