Рэдакцыя «Настоящего времени» і Радыё Свабода не публікуюць фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі.
Экспэрты кажуць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
Але чаму менавіта названыя Раманам прозьвішчы прагучалі ў эфіры дзяржаўнага каналу і якія інтарэсы маглі перасьледаваць тыя, хто запісваў гэта відэа? Пра гаворыць Мікалай Халезін — грамадзка-палітычны дзяяч, кіраўнік «Свабоднага тэатру».
— Якое ўражаньне на вас зрабіла гэтае так званае інтэрвію?
— На мяне яно зрабіла тое ўражаньне, якое і павінна было зрабіць. Я разумею, што Рома знаходзіцца ў палоне і ў палоне чалавека катуюць. Тут мне пра Рому нічога не дадаць і ня зьменшыць. Я ўвогуле прыхільнік таго прынцыпу, які ёсьць заўсёды ў шпіёнскіх сетках: калі цябе ўзялі, максымальна пацягні час, каб твае сябры маглі перадысьлякавацца і ліквідаваць нейкія нюансы дзейнасьці, а потым кажы. Бо пад катаваньнямі не вытрымае ніхто. Ніхто і ніколі. Ня трэба цешыць сябе ілюзіямі.
— Тады хацелася б крыху больш канкрэтна разабраць нейкія рэчы, якія згадаў Раман. Зь людзей, пра якіх ён казаў, пачнём з самага, на мой погляд, нечаканага. Ён кажа пра нейкага алігарха з Уралу, які спансіраваў канал Nexta. Па ўсёй верагоднасьці, гаворка ідзе пра кіраўніка «Уралхіму» Дзьмітрыя Мазепіна, які сёньня раптам адмяніў свой выступ на Пецярбурскім эканамічным форуме. Што вы ведаеце пра Мазепіна, і як ён наогул зьвязаны зь беларускім пратэстам?
— Дзьмітрый Мазепін — гэта гулец на тым жа полі, на якім гуляе Аляксандр Лукашэнка. Мазепіну належыць «Уралкалій». Так, Рома казаў пра яго. Мазепін увайшоў у тое піке, якое яго раптоўна вярнула да «Беларуськалію». «Беларуськалій» калісьці быў у картэльным пагадненьні з «Уралкаліем», калі апошні яшчэ належаў Сулейману Керымаву. Потым адбыўся разлад паміж ім і Аляксандрам Лукашэнкам, які выставіў туды сваю фірму-пракладку, якая здымала большую частку прыбытку. І гэтая пракладка належыць Віктару Шэйману, правай руцэ Лукашэнкі, і старэйшаму сыну Віктару [Лукашэнку].
Натуральна, для Мазепіна гэта была прывабная гісторыя: увайсьці ў картэльны альянс зь «Беларуськаліем», тады ён мог бы пакрыць свае страты, якія ёсць ва «Ўралкалію». Але Лукашэнка на гэта ісьці не захацеў — і Мазепін удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах як чалавек, які спачувае або які падтрымлівае Валерыя Цапкалу.
Я ня ведаю, якія ў іх там былі дамоўленасьці аб тым, што будзе далей. Можа быць, ён яму мог бы пралабіраваць потым картэльнае пагадненьне або продаж «Беларуськалію», за кошт якога [Мазепін] мог бы наогул стаць адным з самых буйных гульцоў на калійным рынку. Але па факце так, Мазепін існуе ў нейкай арбіце беларускага пратэсту, але ня ў тым выглядзе, у якім бы, напэўна, ён павінен быў зьявіцца ў гэтым інтэрвію.
— Які сэнс для беларускіх уладаў ўводзіць Мазепіна, зьвязваць яго наўпрост з усёй беларускай апазыцыяй?
— Гэта тыя гульні Лукашэнкі, якія ён заўсёды вядзе: яму трэба кагосьці взапэцкаць, трэба кагосьці падставіць, растлумачыць, чаму той ці іншы гулец спрабуе яму замінаць на рынку, што гэта зьвязана з пратэстам. Гэта яго вечная манера, калі трэба проста назваць прозьвішча, каб потым вярнуцца да яго і сказаць: «А, гэта вось той самы, які і фінансуе пратэст». То бок, гэта нейкая далёкая гульня, якая яшчэ будзе. Я думаю, мы яшчэ яе ўбачым.
— Яшчэ адно прозьвішча, якое было агучана, — Данііла Багдановіча. Пратасевіч сказаў, што ён наўпрост датычны да інцыдэнту з самалётам. Гэта наогул не публічная фігура. Вы знаёмыя з гэтым чалавекам? Хто ён і чаму яго ў выніку назвалі вінаватым?
— Максім Багдановіч, а не Данііл.
— Прабачце. Бачыце, наколькі непублічная постаць.
— Максім насамрэч чалавек, які выконвае функцыю. Максім — гэта зусім малады хлопец, які атрымліваў адукацыю ў ЗША, яму 19 гадоў, і ён проста ў штабе адказвае за арганізацыю паездак Сьвятланы. Ён абсалютна непалітычная фігура, і да прыняцьця рашэньняў ён ня мае дачыненьня. Умоўна кажучы, мы рыхтавалі цяпер у Таліне сумеснае мерапрыемства, і мы з Максам там агаворвалі, якія будуць інтэрвію, калі, у які час, дзе мы сустракаемся, куды мы ідзем, што перад спэктаклем, што пасьля, што на сустрэчах.
То бок, гэта такая спроба ўзяць і — «давай, мы такое прозьвішча ведаем, зробім зь яго нейкага гульца». У нас ужо такая «змова» была з мэтай забойства і [нібыта з плянамі] пасадзіць Лукашэнкі ў склеп. Туды наогул усе людзі выпадковыя былі прылепленыя. І, дарэчы, зноў-такі фігуравалі ў гэтым інтэрвію. Таму што неяк трэба было апраўдаць недарэчны ход спэцслужбаў, якія [прад’яўляюць такія абвінавачваньні] людзям, якія, ня ведаю, ці біліся хоць раз з кімсьці ў сваім жыцьці. А ўжо каб арганізаваць змову з генэралітэтам для зьвяржэньня ўлады — гэта зусім сьмешна.
— Ці можна верыць словам Рамана Пратасевіча, што Багдановіч датычны нейкім чынам да гэтай пасадкі самалёта Ryanair? Можа такое быць?
— Гэтага ня можа быць таму, што гэта выглядае проста карыкатурна. То бок, калі грэцкія спэцслужбы абвясьцілі, што тры чалавекі «вялі» Рамана і Сафію па Грэцыі аж да пасадкі ў самалёт...
Зразумела ж, што гэтая пасадка рыхтавалася і не Максім Багдановіч ўздымаў зьнішчальнік у паветра, каб гэты самалёт пасадзіць. Калі чалавека ўжо «вядуць», то які сэнс ад некага чакаць інфармацыі, што ён ляціць тым ці іншым самалётам? І якім павінен быць па ўплыве Максім Багдановіч, які плянаваў бы пасадку самалёту? Пры гэтым яшчэ прыдумаць трэба, якім чынам гэта зрабіць. Ён дакладна ня мог меркаваць, што зьнішчальнік будзе саджаць «Боінг».
— На якія яшчэ словы Пратасевіча вы зьвярнулі ўвагу? Акрамя Мазепіна, акрамя Багдановіча — што вам здалося вартым увагі?
— Для нас было важным само па сабе інтэрвію, усе тыя словы, якія яму заклалі. Зразумела было: там павінен быў прагучаць набор прозьвішчаў, прычым вельмі акуратна, каб не закрануць тых, хто зьяўляюцца грамадзянамі іншых краін, таму што гэта крута, гэта адразу міжнародны канфлікт. І нам было важна, што гэта інтэрвію пройдзе. Яно прайшло. І я растлумачу чаму: Лукашэнка дрэнна дзейнічае пад ціскам, рэальна дрэнна. Ён заўсёды — шмат у чым за кошт таго, што ў яго асяродзьдзі, у ягоным атачэньні у яго практычна няма прафэсіяналаў.
А ў спэцслужбах наогул: як [можна] пісаць ХАМАС маленькімі літарамі і дасылаць у Менск ліст, які зьвернуты да Эўразьвязу? Гэта прыблізна той узровень, які на сёньняшні дзень ёсьць у спэцслужбах. І мне было важна [даведацца], ці будзе гэта інтэрвію настолькі памылковым. Яно настолькі і памылковае. І я бачу адразу рэакцыю сусьветнай супольнасьці.
Калі спрабавалі дастукацца да кіраўніцтва Вялікабрытаніі, гэта доўга было і цяжка, каб яны ўключыліся больш актыўна [у рэакцыю на дзеяньні ўладаў Беларусі]. І вось варта было проста апублікаваць гэтае інтэрвію — і тут жа міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб робіць жорсткую заяву і [праяўляе] жаданьне паўплываць на беларускія ўлады. Паколькі відавочна, што чалавек знаходзіцца пад катаваньнямі і кажа тое, што ад яго патрабуюць па складзеным спэцслужбамі сьпісе.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.