Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмовіцца ад перамоўнай пляцоўкі ў Менску ў выпадку допуску пракуратуры «ЛНР» да Пратасевіча


Сяргей Гармаш
Сяргей Гармаш

Журналіста Рамана Пратасевіча, захопленага на пасаджаным прымусам самалёце ў Менску, працягваюць утрымліваць у СІЗА КДБ. Актыўнасьць самаабвешчаных рэспублік у дачыненьні яго яшчэ больш паглыбляе крызіс украінска-беларускіх адносінаў.

Прадстаўнік Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе, журналіст Сяргей Гармаш заявіў пра немагчымасьць далейшага выкарыстаньня Менску як нэўтральнай перамоўнай пляцоўкі па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны ў выпадку, калі беларускія ўлады дадуць дазвол прадстаўнікам так званай «ЛНР» на правядзеньне сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам.

«Заяву Лукашэнкі, што ён прапанаваў Пуціну, каб «сьледчыя» з асобных раёнаў Луганскай вобласьці прыехалі ў Беларусь і дапыталі выкрадзенага КДБ-ФСБ галоўнага рэдактара Nexta Рамана Пратасевіча, можна разглядаць як дэ-факта прызнаньне рэжымам Лукашэнкі марыянэткавых «рэспублік», — заявіў Сяргей Гармаш.

Украінскі ўдзельнік перамоваў перакананы, што гэтая прапанова Лукашэнкі — прадуманы і дэманстратыўны крок.

«Паказальна, што запрашэньне марыянэткавым „сьледчым“ „рэспублік“ ён адправіў праз сапраўдны другі бок канфлікту — прэзыдэнта Расеі. Вядома, пасьля гэтага ў Масквы ня можа быць аргумэнтаў супраць пераносу перамоўнага працэсу зь Беларусі ў іншую краіну. Пасьля гэтага Менск ужо адкрыта перастаў быць нэўтральным», — патлумачыў Сяргей Гармаш.

Удзельнік менскіх перамоваў таксама лічыць недапушчальнай супрацу Службы бясьпекі Ўкраіны, якая, паводле яго, «дапытвае супрацоўнікаў украінскай выведкі паводле запытаў КДБ Беларусі, прычым у справах, заведзеных супраць беларускай апазыцыі».

«Дзеяньні рэжыму Лукашэнкі зрабілі Беларусь адкрыта варожай да Ўкраіны. Практычна, Менск стаў пагрозай нашай краіне. У такіх умовах мы павінны актывізаваць падтрымку беларускай апазыцыі, а не дапамагаць ФСБ Расеі зь ёю змагацца», — падкрэсьліў Гармаш.

Раней пракуратура так званай «ЛНР» заявіла, што завяла крымінальную справу супраць Рамана Пратасевіча паводле ягонай нібыта «датычнасьці да абстрэлаў мірнага насельніцтва Данбасу» і зьвярнулася да Беларусі з просьбай перадаць яго для правядзеньня сьледчых дзеяньняў. 2 чэрвеня РИА Новости са спасылкай на тэлеканал «Беларусь-1» паведаміла, што Лукашэнка не пярэчыць каб прадстаўнікі «ЛНР» прыехалі ў Менск і «задалі пытаньні» затрыманаму журналісту.

У траўні стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.

У прыватнасьці, КДБ папрасіў дапытаць беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, заснавальніцу дабрачыннага фонду «Беларускі Майдан» Алену Васільеву, якая летась у верасьні ўцякла ва Ўкраіну пад пагрозай перасьледу, экс-камандзіра добраахвотніцкага батальёну «Данбас» Сямёна Сяменчанку, а таксама шэраг іншых грамадзян Украіны, якім належалі пэўныя нумары тэлефонаў. Пазьней высьветлілася, што гэтыя нумары належаць супрацоўнікам украінскай выведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG