Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі паведаміў, што да тых, хто яму піша лісты ў турму, пачала прыходзіць міліцыя


Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Палітвязень Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў чаканьні суду ў гомельскім СІЗА-3. Адтуль ён даслаў ліст сваёй прыяцельцы. Ён перасьцерагае ў лісьце беларусаў.

«Твой ліст атрымаў. Ён першы і пакуль адзіны ў гомельскім СІЗА. Хто хоча — няхай пішуць. Але не забываюць, што пісаць палітычным у Беларусі небясьпечна. Мне многія пісалі, што пасьля да іх прыходзіў участковы і пытаўся: «Навошта вы пішаце?» — паведаміў з турмы Сяргей Ціханоўскі.

Ліст ад палітвязьня Сяргея Ціханоўскага
Ліст ад палітвязьня Сяргея Ціханоўскага

Ён дадаў, што сядзіць у турме без газэт, лістоў і без тэлевізара.

«Так што навінаў увогуле ня ведаю. Але дагэтуль былі толькі жахлівыя. Ужо ведаю пра самалёт. Такое адчуваньне, што нехта хоча закапаць Беларусь сваімі рукамі. Веру ў лепшае», — зазначыў палітзьняволены.

Пакуль палітвязень знаходзіцца ў чаканьні суду.

Фрагмэнт ліста
Фрагмэнт ліста

Крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава, Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова і Міколы Статкевіча будзе разглядаць Гомельскі абласны суд. Працэс пачнецца прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Палітзьняволеным пагражае да 12 і 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG