Палітвязьню Вадзіму Гурману тэрмінова патрэбная мэдычная дапамога акуліста: у яго неапэрабэльная атрафія зрокавых нэрваў абодвух вачэй. Адно вока бачыць на 12%, другое — на 23%. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абсьледаваньні: інакш да 30 год яму прагназавалі поўную сьлепату. Да таго ж Вадзім — баксэр, і ў яго было адпляставаньне сятчаткі, піша «Вясна».
Маці палітвязьня Вольга Гурман сказала, што сына адмовіліся лячыць нават у Бараўлянах, бо там няма патрэбнага абсталяваньня.
«За нас узяліся толькі лекары 10-й клінічнай лякарні, куды нам пастаянна патрэбна прыяжджаць на абсьледаваньні. Я прыносіла дакумэнты ў суд і Сьледчы камітэт: з такім дыягназам нельга было пазбаўляць Вадзіма волі, любая фізычная нагрузка на працы ў калёніі будзе хуткімі тэмпамі пагаршаць ягоны зрок. Яшчэ да абвесткі з калёніі мне патэлефанавалі і сказалі, што моцна зьбітага сына зьнялі з „этапу“ — таму так доўга не было інфармацыі пра яго — такія ўмовы павялічваюць тэмпы пагаршэньня зроку».
Вадзім ужо ня бачыць у тых акулярах, якія маці перадала яму па старым рэцэпце: ён ня можа ў іх ні чытаць, ні пісаць. Ад яго прыйшоў толькі адзін ліст, а пры этапаваньні ў яго забралі ўсё — ручнікі, брытвы, абцужкі для пазногцяў.
Хоць маці Вадзіма прасіла накіраваць яго для адбыцьця пакараньня ў калёнію ў Навасадах, што блізка да Маладэчна, яго адправілі ў Горкі: цяпер, каб адвезьці перадачы, сваякі палітвязьня мусяць ехаць 720 км у абодва бакі, сваёй машыны сям’я ня мае. Да таго ж судовыя прыставы пачалі прыходзіць да Вольгі па спагнаньне пазоваў, прызначаных судом.
19-гадовая дзяўчына Вадзіма Віялета ў хуткім часе народзіць двойню, што істотна ўзмоцніць нагрузку на бюджэт сям’і палітвязьня. Гурман ужо ня першы палітвязень, які мае праблемы са зрокам. На праблемы з вачыма пачалі пакутаваць і тыя, хто, у адрозьненьне ад маладачанца, ніколі на іх ня скардзіўся.