Мэрыя Вільні ў падтрымку беларускага народу і ў якасьці пратэсту супраць прымусовай пасадкі пасажырскага самалёта Беларусьсю ўзьняла гістарычны беларускі сьцяг на плошчы каля мэрыі.
Як паведаміў Свабодзе прадстаўнік мэра Вільні Рэмігіюса Шымашуса па сувязях з грамадзкасьцю Караліс Вайткявічус, муніцыпалітэт Вільні, падтрымліваючы беларускую апазыцыю і пратэстуючы супраць гвалтоўнага выпадку з пасажырскім самалётам, які змусіў прызямліцца менскі рэжым, узьняў гістарычны беларускі сьцяг на плошчы побач з муніцыпальным будынкам.
«Гэта стаўленьне горада і мэра да падзей у Беларусі, калі адбылася пасадка самалёта, і ў прынцыпе быў зьдзейсьнены акт тэрору. Літоўская сталіца таксама выказвае салідарнасьць з Рыгай, якая таксама замяніла афіцыйны беларускі сьцяг гістарычным бел-чырвона-белым».
У сталіцы Латвіі гістарычны беларускі сьцяг павесілі ў гатэлі Radisson Blu Hotel Latvija, дзе на час чэмпіянату сьвету ў хакеі пражывае Нацыянальная зборная Беларусі. МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым выслаў амбасадара Латвіі зь Менска, а латвійскі ўрад адказаў сымэтрычным крокам.
Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс паабяцаў дапамагчы Латвіі ў пытаньні высланых дыпляматаў, калі такая дапамога спатрэбіцца.
Дзеяньні мэра Рыгі Марціньша Стакіса выклікалі пратэст прэзыдэнта Мижнароднай фэдэрацыі хакею з шайбай (IIHF) швайцарца Рэнэ Фазэля, які заявіў, што арганізацыя, якую ён ачольвае ўжо 26 гадоў, «апалітычная». І заклікаў мэра Рыгі выбіраць, альбо вярнуць назад чырвона-зялёны сьцяг, альбо зьняць сьцяг фэдэрацыі. Стакіс выбраў апошняе, напісаўшы ў твітэр новыя словы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.