Эўрапейская рада заклікала ўсіх перавозчыкаў Эўразьвязу пазьбягаць лятаць над Беларусьсю і закрыць неба і аэрапорты Эўразьвязу для беларускіх авіякампаній. Вось што апавядаюць пасажыры, якіх закрануў канфлікт у беларускім небе.
Агенцтва Reuters паведаміла, што нямецкая авіякампанія Lufthansa прыпыняе палёты ў Менск да 3 чэрвеня.
Латвія ўводзіць абмежаваньні на авіязносіны зь Беларусьсю. Кампанія airBaltic з 27 траўня прыпыняе палёты з Рыгі ў Менск. У Рызе цяпер адбываецца чэмпіянат сьвету па хакеі з удзелам зборнай Беларусі, якой неўзабаве давядзецца неяк вяртацца ў Менск.
«Белавія» скасавала палёты ў Вялікую Брытанію, Латвію, Францыю, Швэцыю, Украіну.
Канада парэкамэндавала сваім авіякампаніям не лятаць над Беларусьсю
Канадзкія ўлады выказалі абурэньне гвалтоўным перанакіраваньнем самалёта Ryanair у Менск і заклікалі неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча.
«Белавія» ня зможа лётаць у Чэхію
Чэхія з 28 траўня прыпыняе працу авіякампаніі «Белавія». Такое рашэньне прыняла 26 траўня Рада бясьпекі, паведаміў прэмʼер-міністар Карэл Гаўлічак. «Чэскія авіялініі» зьменяць маршрут рэйсу «Прага — Масква». Яны будуць ляцець праз краіны Балтыі, не празь Беларусь, як дагэтуль.
Што ў небе
У паветранай прасторы Беларусі заўважаныя рэйсы авіякампаній Расеі, Кітаю, Казахстана, Малдовы, Сэрбіі, Турэччыны, Узбэкістана, Індыі, Марока, а таксама грузавыя рэйсы, у тым ліку UPS, FedEx і DHL.
Авіякампанія LOT з Варшавы ў Маскву ляціць празь Літву і Латвію, абмінаючы Беларусь.
Агенцтва Эўрапейскага зьвязу ў бясьпецы авіяпералётаў загадала абмінаць паветраную прастору Беларусі
Таксама ЕАСА рэкамэндавала абмінаць палёты па-над Беларусьсю і апэратарам трэціх краін.
Да завяршэньня міжнароднага расьсьледаваньня інцыдэнту, які адбыўся 23 траўня 2021 году, апэратарам, якія маюць галоўнае месца дзейнасьці ў адной зь дзяржаў-членаў ЕАСА, загадана пазьбягаць апэрацый у беларускім Нацыянальным аэрапорце «Менск» (UMMV).
Ляцець можна толькі тады, калі выкарыстаньне гэтай паветранай прасторы лічыцца неабходным для бясьпечнай эксплюатацыі ў выпадку непрадбачаных абставінаў.
Акрамя таго, апэратарам трэціх краін, упаўнаважаных EASA, пры правядзеньні апэрацый у межах Эўразьвязу і ўнутры іх рэкамэндуецца пазьбягаць узаемадзеяньня зь беларускай паветранай прасторай.
«Дзеяньні, зробленыя Беларусьсю, тоесныя стварэньню падвышанай рызыкі для бясьпекі дадзенага палёту. Яны паставілі пад сумнеў здольнасьць Беларусі гарантаваць бясьпечную паветраную навігацыю», — гаворыцца ў дакумэнце.
Італьянская авіякампанія Alitalia будзе аблятаць Беларусь у сваіх грузавых рэйсах у сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair.
Фінляндыя забараніла палёты «Белавія».
Польшча не пусьціла самалёт «Белавія», які ляціць у Барсэлёну
Рэйс «Белавія» зь Менску ў Барсэлёну, не даляцеўшы да польскай мяжы, пачаў рабіць кругі Берасьцейскай вобласьцю. Польскі рэгулятар не дапусьціў гэты борт у польскае неба, паведамілі «РИА Новости».
У Варшаву ляціць яшчэ адзін самалёт зь Менску
Абноўлена. Гэты борт-ткі пусьцілі ў паветраную прастору Польчшы, ён ляціць у Варшаву.
Борт «Белавія» зь Менску ў Варшаву знаходзіцца ў дадзены момант у раёне Слоніму і скіроўваецца ў бок польскай мяжы. Сачыць за яго перамяшчэньнем можна тут.
Тым часам самалёт з Кіева ў Талін робіць крук, каб абляцець Беларусь.
Польшча забараніла беларускім самалётам карыстацца сваёй паветранай прасторай
Кабінэт міністраў Польшчы прыняў рашэньне аб забароне на ўваход у паветраную прастору краіны паветраных суднаў, якія выкарыстоўваюцца перавозчыкамі зь Беларусі.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар ураду Пётар Мюлер, паведаміў тэлеканал TVN24.
«Гэта элемэнт рэалізацыі санкцый, якія прапанаваў падчас пасяджэньня Эўрапейскай рады прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі», — адзначыў Мюлер.
МЗС пракамэнтаваў разварот рэйсу «Белавія» ў Барсэлёну
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз назваў разварот рэйсу авіякампаніі «Белавія» Менск — Барсэлёна 26 траўня «цалкам абуральным фактам і амаральным учынкам».
«Шчыра кажучы, ужо практычна паветранае пірацтва», — цытуе Глаза БелТА.
Славаччына забараніла палёты беларускіх авіякампаній
«Гэта ясны адказ на недапушчальныя дзеяньні і парушэньне правілаў беларускіх рэжымам», — напісаў міністар замежных спраў краіны Іван Корчак.
СМІ: Ліст пра бомбу прыйшоў на пошту менскага аэрапорту толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара
Амэрыканскае выданьне Daily Beast паведаміла, што ліст пра «бомбу ХАМАСа» прыйшоў на пошту менскага аэрапорту толькі праз 27 хвілін пасьля таго, як самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі і праз 24 хвіліны пасьля таго, як менскі дыспэтчар заявіў пілётам пра пагрозу выбуху пілётам.
Daily Beast сьцьвярджае, што з дапамогай цэнтру «Дасье» расейскага палітыка Міхаіла Хадаркоўскага атрымала арыгінал гэтага ліста. І што яно было толькі праз 24 хвіліны пасьля таго, як дыспэтчар менскага аэрапорту папярэдзіў пілётаў пра пагрозу.
Паводле Daily Beast, «ХАМАС» патрабаваў ад Эўразьвязу адмовіцца ад падтрымкі Ізраілю, а таксама каб Ізраіль спыніў агонь у Сэктары Газа. Інакш пагражалі ўзарваць бомбу над Вільняй.
Выданьне зазначае, што на момант адпраўкі ліста ўжо два дні як было падпісанае пагадненьне паміж Ізраілем і ХАМАС пра спыненьне агню.
ХАМАС адмаўляе сваю датычнасьць да інцыдэнту.
Рада Бясьпекі ААН, у якую ўваходзіць і Расея, 26 траўня заклікала Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі расьсьледаваць перахоп рэйсу Ryanair. Да гэтага патрабаваньня далучылася Нямеччына і Бэльгія, якія не ўваходзяць у Раду Бясьпекі ААН.
Латвія пакуінула магчымасьць беларускім авіякампаніям ляцець транзытам
Самалёт «Белавія» з Таліна падлятае да Менску. Эстонія не спыняла авіязносінаў зь Беларусьсю, хоць асудзіла інцыдэнт з бортам Ryanair. Але рэкамэндавала сваім авіякампаніям ня лётаць цераз паветраную прастору Беларусі.
Латвія 25 траўня паведаміла, што спыніла авіязносіны зь Беларусьсю і закрыла для яе сваю паветраную прастору.
Але 27 траўня, калі стала бачна, што самалёт «Белавія» ляціць з Таліна ў Менск над Латвіяй, кіраўнік Агенцтва грамадзяснкай авіяцыі Латвіі ўдакладніў, што забарона ня тычыцца транзыту беларускіх авіякампаній, паведаміла ТАСС.
«Белавія» адмяніла рэйсы ў 8 эўрапейскіх краін і расейскі Калінінград
У эўрапейскіх напрамках скасаваньне рэйсаў прадугледжана як мінімум да 30 кастрычніка:
- Варшава
- Мілян
- Амстэрдам
- Рым
- Франкфурт
- Бэрлін
- Мюнхен
- Гановэр
- Вена
- Брусэль
- Барсэлёна
- + Калінінград.
Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка, цяпер дзейнічаюць абмежаваньні на палёты ў восем краін. Тычыцца гэта ў тым ліку Калінінграду — расейскі анкляў недаступны праз забарону палётаў для беларускіх кампаній, уведзеных Літвой.
«Мы шкадуем, што нашым пасажырам давялося сутыкнуцца з сытуацыяй, якая склалася зь не залежных ад авіякампаніі прычынаў, і абяцаем прыкласьці ўсе намаганьні дзеля яе вырашэньня», — адзначаюць у «Белавія» .
«У вас бомба». Беларуская афіцыйная вэрсія перамоваў зь пілётамі самалёта Ryanair выклікае больш пытаньняў, чым адказаў
Чытайце па спасылцы вялікі аналітычны матэрыял «Радыё Свабода».
Улады Эстоніі паведамілі пра закрыцьцё аэрапортаў для самалётаў авіякампаніі «Белавія»
«Як і іншыя эўрапейскія дзяржавы, Эстонія забароніць палёты „Белавія“ ў свае аэрапорты. Афіцыйнае рашэньне будзе аформлена сёньня пасьля абеду», — заявіла прэмʼер-міністар Эстоніі Кая Калас, перадае «Интерфакс-Запад».
«Як што мы не аўтакратычная дзяржава, то калі прымаем рашэньне, яго трэба аформіць у адпаведнасьці з вымогамі прававой дзяржавы. Але ў кожным разе сёньня пасьля абеду мы гэта зробім», — дадала прэмʼер.
У першай палове дня 27 траўня «Белавія» выканала рэйс зь Менску ў Талін і назад транзытам цераз Латвію.
Латвія, якая 25 траўня заявіла пра закрыцьцё неба для беларускіх авіякампаній, удакладніла па факце пралёту, што рашэньне ня тычыцца транзытных рэйсаў.
Літва закрыла сваю паветраную прастору нават для транзытных рэйсаў зь Беларусі, у выніку чаго «Белавія» мусіла скасаваць пералёты ў Калінінград.