Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйс «Белавія» зь Менску ў Барсэлёну робіць колы над Берасьцейскай вобласьцю 26 траўня
Рэйс «Белавія» зь Менску ў Барсэлёну робіць колы над Берасьцейскай вобласьцю 26 траўня

Асьцярожна, неба закрываецца. Як скасоўваюць палёты зь Беларусі, у Беларусь і над Беларусьсю

абноўлена

Шэраг авіякампаній ужо памянялі маршруты палётаў, каб не ўваходзіць у паветраную прастору Беларусі.

Афіцыйна пра намер абмінаць Беларусь заявілі ў краінах Балтыі, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Францыі, Фінляндыі, Славаччыне, Японіі, Фінляндыі. Эўрапейская Рада заклікала ўсе краіны Эўразьвязу не лятаць над Беларусьсю.

Абмінаюць Беларусь і лоў-костэры Wizzair і Ryaniar, а таксама некалькі іншых авіякампаній.

Глядзім, хто застаўся над Беларусьсю і як самалёты абмінаюць яе неба.

15:26 27.5.2021

Расейскі «Аэрофлот» адмяніў адзіны на тыдзень рэйс у Вільню

На онлайн-таблё авіякампаніі пазначана, што рэйс, які выконваецца раз на тыдзень у пятніцы, скасаваны. «Аэрофлот» не тлумачыў прычыну адмены.

26 траўня літоўскі ўрад забараніў ляцець у Літву ці зь Літвы праз тэрыторыю Беларусі. Такім чынам, трапіць у Літву, абмінуўшы Беларусь, можна праз тэрыторыю Латвіі.

Сёньняшні рэйс расейскай авіякампаніі «Руслайн» з маскоўскага аэрапорта «Внуково» у Вільню рыхтуецца паводле раскладу.

16:50 27.5.2021

Расея перашкаджае Эўропе блякаваць паветраную прастору Беларусі

Расея не дала дазволу Austrian Airlines на прыбыцьцё рэйсу зь Вены ў Маскву не праз тэрыторыю Беларусі, паведамілі ў аўстрыйскай авіякампаніі. Пра гэта інфармуе ТАСС.

Напярэдадні француская авіякампанія AirFrance вымушаная была адмяніць рэйс AF1154 з Парыжу ў Маскву. У авіякампаніі патлумачылі, што рэйс прыйшлося адмяніць з тэхнічных прычынаў, зьвязаных з абыходам беларускай паветранай прасторы. Праз гэта экіпажу спатрэбіўся новы дазвол ад Расеі, але ён яго не атрымаў.

16:52 27.5.2021

Чэргі ў касах «Белавіі» на вяртаньне квіткоў

У Менску ў касах нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» ўтварыліся чэргі на вяртаньне квіткоў з-за скасаваньня рэйсаў у краіны Эўразьвязу.

Людзі кажуць, што сваёй чаргі ім прыходзіцца чакаць ад 2,5 гадзін і болей. Раней шэраг краін Эўропы забараніў авіятранспарту «Белавіі» карыстацца сваімі паветранымі прасторамі. Пра скасаваньне палётаў па-над Беларусьсю заявіў шэраг аўтарытэтных авіякампаній.

17:29 27.5.2021

Cancelled. Што цяпер адбываецца ў Нацыянальным аэрапорце «Менск»

Cancelled — першае, што кідаецца ў вочы на вялікім сінім табло вылетаў у вялікай залі аэрапорта. Такія надпісы чырвонымі літарамі, напераменку па-ангельску, па-беларуску і па-кітайску, высьвечваюцца насупраць нумароў рэйсаў у Варшаву і Амстэрдам. Калі адлёты зьмяняюцца назвамі блізкіх прылётаў — тыя ж чырвоныя літары высьвечваюцца насупраць Мілана і, нечакана, Калінінграда. Расейскі анкляў пацярпеў праз закрыцьцё для беларускіх самалётаў паветранай прасторы Польшчы і Літвы. Даляцець туды зь Менску безь перасадак можна цяпер толькі кругам праз Латвію і Балтыйскае мора.

Чытайце наш рэпартаж з Нацыянальнага аэрапорту Менск>>>

20:38 27.5.2021

Адмянілі яшчэ адзін рэйс Парыж-Масква


Стала вядома, што яшчэ адзін рэйс AirFrance з Парыжу ў Маскву, заплянаваны на 28 траўня, таксама адмянілі, бо расейскія ўлады не ўхвалілі плян палёту ў абыход Беларусі.

21:09 27.5.2021

Менск просіцца больш лятаць у Расею і скардзіцца на санкцыі. Масква адгаворваецца пандэміяй


Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка папрасіў прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна аднавіць дакавідны ўзровень авіяпералётаў і «адкрыць для палётаў беларускай авіякампаніі новыя напрамкі. У прыватнасьці, аэрапорты Сочы і Краснадара». Міхаіл Мішусьцін адгаварыўся, што «рашэньне аб пашырэньні транспартных зносін зь Беларусьсю не зьяўляецца палітычным і цалкам залежыць ад сытуацыі з пандэміяй».

22:03 27.5.2021

Урад Эстоніі перапыніў наўпроставыя авіязносіны з Беларусьсю, паведаміў партал Delfi.

Паводле рашэньня ўраду, самалётам Беларусі, а таксама тым, што вылятаюць зь яе тэрыторыі забаронена зьдзяйсьняць пасадку на тэрыторыі Эстоніі, а таксама ўзьлятаць зь яе аэрапортаў або пралятаць у паветранай прасторы Эстоніі.

22:35 27.5.2021

Маскоўскі авіярэйс у Вільню паляцеў у абыход Беларусі


Сёньняшні рэйс расейскай авіякампаніі «Руслайн» з маскоўскага аэрапорта «Внуково» ў Вільню вылецеў амаль з гадзінным спазьненьнем, аднак даляцеў і прызямліўся ў Вільні. Ягоны маршрут быў зьменены ў абыход Беларусі, ляцеў ён над Латвіяй.

XS
SM
MD
LG