Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда Ціханоўскай апублікавала праект падтрымкі ўдзельнікаў страйкавага руху і пацярпелых ад рэпрэсій


Страйк у Менску, кастрычнік 2020
Страйк у Менску, кастрычнік 2020

Сьвятлана Ціханоўская падтрымала ініцыятыву «Рабочы рух», якую беларусы стварылі, каб абараняць свае правы і рыхтавацца да страйку. На гэты момант да «Рабочага руху» далучыліся больш за 14 000 чалавек.

«Плятформа „Рабочы рух“ створаная ня толькі для завадчан — да яе могуць далучыцца ўсе: прыватны бізнэс і бюджэтнікі, сацыяльная сфэра і прамысловасьць, вайскоўцы і транспартнікі. Абсалютна ўсе працоўныя беларусы. Рабочыя стварылі гэты рух, каб сумесна паралізаваць працу па ўсёй краіне дзеля выкананьня нашых нязьменных патрабаваньняў: спыніць гвалт, вызваліць зьняволеных па палітычных матывах і правесьці новыя выбары», — гаворыцца ў тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай.

Таксама Ціханоўская паведаміла, што на заклік актыву розных сацыяльных груп яе эканамічная каманда распрацавала праект праграмы падтрымкі ўдзельнікаў страйкавага руху, а таксама грамадзян і бізнэсаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій.

«Гэты праект уключае аднаўленьне на пасадах, адмену даўгоў па кантрактах, кампэнсацыі, крэдытныя і падатковыя паслабленьні. А таксама сьпіс дзяржаўных структур і фондаў, якія ў новай Беларусі могуць стаць крыніцамі сродкаў для гэтай падтрымкі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Цалкам тэкст праекту апублікаваны на сайце Сьвятланы Ціханоўскай, дзе яго можна прачытаць і пракамэнтаваць.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG