Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На блогерку Вольгу Такарчук завялі яшчэ адну крымінальную справу


Вольга Такарчук, YouTube-блогерка.
Вольга Такарчук, YouTube-блогерка.

Яе падазраюць у паклёпе: у адным са сваіх ролікаў яна абвінаваціла пэдагога з Баранавічаў у фальсыфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Такарчук пагражае штраф, папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў ці арышт або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, паведамляе «Наша ніва».

Дызайнэрка Вольга Такарчук, якая вядзе папулярны канал на YouTube, за апошні год чатыры разы атрымлівала штрафы паводле адміністрацыйных артыкулаў. Жанчына гадуе непаўналетніх дзяцей. Але пры гэтым на яе заведзена крымінальная справа за абразу судзьдзі, а 14 траўня жанчыну проста каля дома ў Менску забралі ў РУУС з намерам скласьці новы пратакол — за тое, што нібыта гучна мацюкалася на вуліцы. Адпусьцілі Такарчук толькі праз 6 гадзін пасьля затрыманьня.

Блогерка зьвязвае сваё затрыманьне з пачаткам працэсу ў «справе студэнтаў». На паседжаньне яна трапіць не змагла, але яе ўсё адно затрымалі каля дома. Міліцыянты павезьлі Вольгу ў РУУС на «прафіляктычную гутарку», пры гэтым не называліся. Ніякай увагі на сына, які заплакаў ад такой нечаканасьці, міліцыянты не зьвярнулі.

Суд у крымінальнай справе супраць Такарчук за абразу дзейнасьці судзьдзі ў камэнтарах на YouTube яшчэ наперадзе. Зьяжджаць зь Беларусі жанчына не зьбіраецца, бо хоча сустрэць перамогу ў сваёй краіне пасьля доўгага змаганьня.

«Я ніколі не пазыцыянавала сябе як блогер. Я ўлезла ў гэтую барацьбу са зьяўленьнем Сяргея Ціханоўскага. Да гэтага, як і большая частка насельніцтва, сядзела на кухні, і мне было ўсё адно, што адбываецца навокал. А пасьля я зразумела, што не хачу пакідаць дзецям у спадчыну разбураную і бедную краіну. Гэта матывуе мяне змагацца. Я тупіла шмат гадоў, але асэнсавала сувязь паміж дзеяньнямі ўлады і дабрабытам насельніцтва. Урэшце, я грамадзянка сваёй краіны і не разумею, чаму мушу кудысьці ўцякаць».

Такарчук адзначае, што яе жыцьцё павярнулася на 180 градусаў пасьля ўсіх падзей. Зьявіліся новыя сябры, знаёмствы зь цікавымі людзьмі, блогерамі, а людзі са «старога жыцьця», наадварот, адсеяліся, бо ёй «ня хочацца падтрымліваць сувязь з тымі, хто жыве адным днём і не імкнецца да лепшага».

Цяпер Вольга вельмі чакае, калі на волю выйдуць Сяргей Ціханоўскі, Павал Сьпірын, іншыя палітзьняволеныя.

«Разам мы зможам рабіць крутыя праекты на YouTube без цэнзуры. Гэта будзе зусім іншая, новая, свабодная Беларусь», — лічыць Такарчук.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG