У страйкаме «Беларуськалію» сёньня каля 140 сяброў. Сярод іх Аляксандар і Тацяна Махровы. Гэта адзіная сямʼя, якая пайшла ў страйк поўным складам. Чаму яны прынялі такое рашэньне і як яно зьмяніла іх жыцьцё, расказала Тацяна Махрова.
«Людзей падзялілі і запалохалі, таму масавага страйку не атрымалася»
На «Беларуськаліі» Тацьцяна адпрацавала электраманцёрам у цэху сувязі 9 гадоў, а Аляксандар 17,5 года ў шахце. У шлюбе яны ўжо больш за 16 гадоў, гадуюць дваіх дзяцей. Да жніўня 2020 году сямʼя жыла забясьпечаным і спакойным жыцьцём. Падзеі пасьля выбараў сталі для іх шокам.
«У мяне пацярпела шмат сяброў, — апавядае Тацьцяна. — Увечары 9 жніўня сяброўку з мужам схапілі на выхадзе з крамы недалёка ад цэнтральнай плошчы Салігорску. Яе адпусьцілі каля 2-й гадзіны ночы, а мужа яна знайшла толькі празь некалькі дзён у Жодзіне, з дапамогай адваката. Калі яна выйшла, даведалася, што няма і 16-гадовага сына — яго таксама затрымалі недалёка ад цэнтральнай плошчы. Ён быў у міліцыі, увесь пабіты. Міліцыянты сказалі, што ён сам пабіўся. Пасьля гэтага хлопец толькі праз тры месяцы змог выйсьці на вуліцу — так быў напалоханы. У другой добрай знаёмай муж трапіў на Акрэсьціна ў тыя дні. Што там было, яна мне так і не расказала, бо не хацела ўспамінаць той жах».
Але Тацяна ўбачыла, што там было, на шматлікіх фота, калі ў краіне ўключылі інтэрнэт.
«Я не магла паверыць, што такое можа быць у ціхай і вонкава шчасьлівай краіне. Адчуваньне безабароннасьці перад свавольствам, якое чыняць тыя, хто закліканы цябе абараняць, — гэта страшна. Тое робяць не бандыты, зь якімі можна змагацца з дапамогай міліцыі, а самі тыя службы, сама ўлада, і прыцягнуць іх да адказу не атрымліваецца. І тады я зразумела, што такое не павінна адбывацца і што людзі, якія гэта дапусьцілі, не павінны знаходзіцца ва ўладзе. Я была вельмі рада, што так думалі шмат людзей і да ідэі страйку на „Беларуськаліі“ далучыліся каля 6 тысяч чалавек. Гэта сапраўды была шчасьлівая падзея! Памятаю, як шмат было людзей на плошчы каля цэнтральнага будынку „Беларуськалію“, якія хацелі паставіць свой подпіс. Усе былі настроены цьвёрда».
Але ў выніку з 6 тысяч чалавек да канца пайшлі толькі 140.
«Вельмі прадумана паступіла кіраўніцтва прадпрыемства — людзей падзялілі, — тлумачыць Тацьцяна. — „Глядзі, вось Ваня пайшоў на працу, а ты не, і цябе звольняць“, — казалі яны; апроч таго, пагражалі „крыміналкай“ і тым, што страту, якую прадпрыемства панясе ад страйку, „павесяць“ на падпісантаў. У нас не было практыкі супраціву такому. Цяпер, ведаючы памылкі, магчыма, атрымалася б арганізаваць усё больш правільна. А тады кіраўніцтва ўжыла ўсе магчымыя варыянты ціску — і людзі прагнуліся. Ёсьць і яшчэ адна прычына няўдачы, на мой погляд. Я і раней здагадвалася, але цяпер упэўненая, што нашы незалежныя прафсаюзы не такія ўжо незалежныя. Вядома, там ёсьць сапраўдныя ідэйныя людзі, але шмат хто проста зросься з адміністрацыяй».
Тацьцяна далучылася да страйку ў верасьні, адразу пасьля адпачынку, а Аляксандар — у лістападзе.
«Зрабілі гэта, каб сваімі падаткамі не падтрымліваць існы рэжым. Я ганаруся ўчынкам мужа і рада, што знаходжуся сярод тых 140, якія застаюцца сёньня ў страйкаме. Гэта вельмі мужныя людзі», — гаворыць жанчына.
Кадэбэшнікі сказалі: «Вы нічога не даможацеся, а вось дзеці могуць пацярпець»
Сямʼя на сабе адчула, якое гэта нялёгкае рашэньне.
«Мяне з мужам, як многіх іншых, хто далучыўся да страйку, звольнілі за „прагул“. Адпаведна, страцілі стабільны і нядрэнны заробак. Спачатку страйкоўцаў падтрымлівалі фонд BYSOL і іншыя ініцыятывы, напрыклад INeedHelpBy, якая дапамагала і працягвае дапамагаць прадуктамі. Дзякуючы гэтаму можна было заплюшчыць вочы на матэрыяльныя цяжкасьці і ня думаць, як пракарміць дзяцей. Але ў студзені 2021 году падтрымка ад фонду BYSOL скончылася і страйкам прыняў рашэньне ствараць свой фонд, які аказвае падтрымку дагэтуль. Я хачу сказаць вялікі дзякуй дыяспары, неабыякавым беларусам, усім, хто дапамагае ў такі складаны час, — гэта неацэнна».
Тацьцяна Махрова таксама перажыла сапраўднае паляваньне на сябе падчас экскурсіі сябраў страйкаму ў Косаўскі замак у лістападзе:
«Калі мы былі ў музэі, у Telegram прыйшло папярэджаньне, што па нас прыехала міліцыя, і ў акно мы ўбачылі, як наш аўтобус сапраўды заблякавалі некалькі міліцэйскіх машын. Мне параілі не вяртацца ў аўтобус. Тых, хто вярнуўся, арыштавалі, і яны селі на „суткі“. А мне і яшчэ некалькім людзям удалося ўцячы — і міліцыя ганяла нас па цёмным, халодным лесе. Мы хаваліся там і чакалі, пакуль з Салігорску па нас прыедзе машына. Выходзіць да людзей і прасіць аб дапамозе не хацелася, бо, як я потым даведалася, нас здалі самі работнікі Косаўскага музэю. За тое, што мы расьцягнулі 25-мэтровы сьцяг на пагорку ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі.
Пасьля перажытага я жартавала, што ў новай Беларусі для іншаземцаў можна будзе распрацаваць такі экстрэмальны тур: Косаўскі замак — аблава ў лесе — турма, дзе сядзелі нашыя людзі. Папраўдзе ж гэта ня сьмешна. У турме да іх ставіліся, як да зэкаў, цалкам разьдзявалі, усё аглядалі, гэта быў жах, расказвалі яны».
Але самы моцны ціск на сямʼю быў наперадзе. Ударылі па самым балючым месцы — дзецях.
«У адзін зь дзён, калі я вярталася з садка, куды адвяла дачку, да мяне падышлі двое людзей у цывільным і прапанавалі прайсьці на размову, — дзеліцца Тацяна. — Яны паказалі „корачкі“, сказалі, што зь міліцыі. Я папрасіла дазволу зайсьці дадому і папярэдзіць мужа. Муж, вядома, расхваляваўся, бо ў нас такія гутаркі могуць заканчвацца рэальнымі тэрмінамі. Але я лічыла, што ўцякаць будзе горш, і паехала ў РУУС. Аказалася, што гэта былі не мясцовыя міліцыянты, а супрацоўнікі КДБ зь Менску. Са мной размаўлялі больш за тры гадзіны. Падчас гутаркі ветліва, але празрыста намякалі, што нашай „антыграмадзкай дзейнасьцю“ мы нічога не даможамся, а вось нашы дзеці могуць пацярпець. Бо мы ж абое беспрацоўныя, а гэта [азначае] „сацыяльна небясьпечнае становішча“. Заходзілі з розных бакоў, гаварылі, што мы з мужам можам вярнуцца на працу, калі будзем зь імі супрацоўнічаць».
Пасьля тых пагроз сямʼя прыняла вельмі цяжкае рашэньне пакінуць Беларусь.
«Жывём у інтэрнаце, вучым нямецкую мову»
Сёньня яны знаходзяцца ў Нямеччыне і чакаюць рашэньня аб сваім статусе.
«Тут шмат такіх самых уцекачоў зь Беларусі, як мы: семʼі з Горадні, Гомля, Менску. Жывём у інтэрнаце калідорнага тыпу: агульны санвузел і кухня на паверсе. У нас два пакоі (сталовая і спальня). Нас кормяць: мы атрымліваем запячатаныя гарачыя порцыі і прадукты: малако, ваду, хлеб, садавіну і агародніну. Астатняе можна купіць на невялікую грашовую дапамогу, якую нам выдаюць, — апісвае побыт Тацьцяна Махрова. — Нам вельмі дапамаглі валянтэры арганізацыі „Разам“ — беларусы, якія жывуць у Нямеччыне. Мы зьвязаліся зь імі, яшчэ калі былі ў Беларусі. Яны сустрэлі нас у аэрапорце, дапамаглі дабрацца да месца, падаць заяўку аб статусе ўцекача. Яны дагэтуль дапамагаюць. Гэта велізарная падтрымка».
Па нямецкіх законах праз тры месяцы знаходжаньня ў краіне дзеці мігрантаў могуць пайсьці вучыцца ў мясцовую школу.
«Сын будзе вучыцца спачатку па спрошчанай праграме: вывучаць нямецкую мову, матэматыку, зьвесткі аб краіне. Пакуль локдаўн, навучаньне будзе онлайн. Калі мы атрымаем статус бежанцаў, дачка зможа таксама наведваць адаптыўны дзіцячы садок.
Дзеці сумуюць. Вельмі цяжка чуць, як 5-гадовая дачка пытаецца: „Мама, а калі мы вернемся дадому?“. Я выдатна разумею, што пасьля вяртаньня можна трапіць у турму. І ня ведаю, як усё дакладна ёй растлумачыць».
Пагрозы цалкам рэальныя. Тацяна расказала, як у лютым, ужо знаходзячыся за мяжой, усёй сямʼёй яны зьнялі ролік у падтрымку спартоўцаў: паўдзельнічалі ў маратоне 23.34 і выклалі відэа на афіцыйны тэлеграм-канал страйкаму. Рэакцыя на радзіме была хуткай:
«У садок і ў школу прыйшлі паперы з органаў апекі, каб праверыць нашу сямʼю. Суседзі расказалі, што прыходзілі і зь міліцыі, тэлефанавалі ў нашу кватэру. То бок пагрозы цалкам рэальныя. Толькі сюды ім не дацягнуцца...
Мы з мужам законапаслухмяныя, адказныя, працаздольныя людзі. Упершыню сутыкнуліся з гэтай рэпрэсіўнай машынай, толькі калі асьмеліліся выказаць сваю сумленную думку супраць гэтага рэжыму. І аказалася, што такія людзі, для якіх салідарнасьць не пусты гук, сёньня не патрэбны ў краіне. Гэта вельмі сумна».
Што будзе далей, сямʼя ня ведае. Для ўцекачоў у Нямеччыне прапануюцца бясплатныя паўгадавыя інтэнсіўныя моўныя курсы. Аляксандар вучыць мову з нуля, а Тацьцяна падцягвае сваю школьную нямецкую:
«Я адукацыяй інжынэр, скончыла БДУІР. Думаю, мне будзе прасьцей знайсьці працу, бо тэхнічныя спэцыяльнасьці тут цэняцца. Але мы ўсё ж такі спадзяёмся на лепшае — што хутка вернемся дадому».
«Сёньня мы робім гісторыю, і гэта пераважвае нягоды»
Тацьцяна прызнаецца, што часам на яе накрывае моцная туга:
«Зьяжджаць з наседжанага месца, калі табе ўжо ня 20 гадоў, цяжка. Да таго ж у мяне ў Беларусі засталася старая маці, у мужа — бацька».
Але ўсё ж такі яна лічыць, што набыла значна больш:
«Гэта той учынак, якім я буду ганарыцца ўсё жыцьцё. Так, ён быў цяжкім, прывёў да наступстваў, магчыма, не натхніў шмат людзей. Але мы зрабілі гэта не для кагосьці, а для сябе — каб адчуць сябе людзьмі, скінуць кайданы страху. І гэтае пачуцьцё вызваленьня таго вартае. Для мяне дакладна. Кожны вырашае сам. Для кагосьці гэта вызваленьне, а для кагосьці — глупства. Але ў маім блізкім асяродзьдзі не было людзей, хто б сказаў, што я дурніца. Нават мая мама, якой ужо каля 70 гадоў, падтрымала мой учынак. Вядома, яна перажывала за перасьлед, але ж ганарылася дачкой.
Сёньня нам не даюць апусьціць рукі людзі, якія сядзяць у турме па надуманых падставах. Я разумею, што калі мы здадзімся, яны застануцца за кратамі і зьявяцца новыя зьняволеныя. Таму мы павінны рабіць усё, што нам па сілах, і спадзявацца, што намаганьні і пакуты ня зьнікнуць дарма і мы даможамся свайго. І мы не здаёмся. Нягледзячы на тое, што давялося зьехаць, мы працягваем падтрымліваць нашых таварышаў.
Так, цяпер шмат размоў, што пратэсты згасаюць. І я добра разумею, чаму: калі ўломваюцца ў дом, хапаюць людзей і ня ведаеш, дзе шукаць мужа, жонку, сястру, сына, быццам цяпер 1937-ы, гэта палохае, і людзі стаміліся. Але я рада, што жыву ў гэты час. Сёньня мы, вось такія простыя людзі, робім гісторыю. І для мяне гэта пачуцьцё пераважвае нягоды. Абуджэньне нацыі таго вартае».