«Мы рашуча выступаем супраць правядзеньня Алімпійскіх гульняў у Токіё ў той час, калі людзі ва ўсім сьвеце змагаюцца з новым каранавірусам», — «Голас Амэрыкі» цытуе заяву прафсаюзу, накіраваную японскаму ўраду.
«Мы ня можам выключыць небясьпеку таго, што новыя варыянты вірусу будуць завезеныя ў Токіё з усяго сьвету», — падкрэсьліў прафсаюз у заяве.
Заява зьявілася на тле барацьбы Японіі з чацьвёртай хваляй віруснай інфэкцыі, калі ў некаторых рэгіёнах, уключаючы сталіцу, абвясьцілі надзвычайнае становішча.
XXXII летнія Алімпійскія гульні, якія мусілі прайсьці ў сталіцы Японіі Токіё ў 2020 годзе, з прычыны пандэміі былі перанесеныя на гэты год. Яны маюць адбыцца з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021. Гэта будуць першыя Алімпійскія гульні, якія ў сувязі з надзвычайнымі абставінамі былі перанесеныя, а не адмененыя, а таксама першыя ў гісторыі Алімпійскія гульні, якія пройдуць у няцотны год.