Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нясьвіскім раёне зьнішчылі калёнію сусьлікаў з Чырвонай кнігі


Рабы сусьлік, фота Сяргея Зуёнка.
Рабы сусьлік, фота Сяргея Зуёнка.

Самую маленькую ў Беларусі калёнію рабых сусьлікаў, на 10–12 жылых нораў, год таму выявілі каля вёскі Сейлавічы Нясьвіскага раёну. 9 траўня поле ўзаралі і жывёл фактычна закапалі. Цяпер норы зьнішчаныя.

За апошнія 80 год папуляцыя рабых сусьлікаў на тэрыторыі Беларусі скарацілася больш як на 90%. Нясьвіскі заоляг Сяргей Шакала расказаў «Нашай Ніве», што ў 2019-м знайшлі 12 калёній сусьлікаў. Цяпер іх усяго 5 — у Капыльскім і Нясьвіскім раёнах. Ахоўны статус мае толькі адна — у вёсцы Юшавічы.

Па словах Сяргея Шакала, палі, на якіх жывуць сусьлікі, пры неабходнасьці можна браць у сельскагаспадарчы абарот, але ў адпаведнасьці са спэцыяльнай тэхналёгіяй.

«За савецкім часам з грызуном змагаліся як са шкоднікам, труцілі хіміяй. У Заходняй Беларусі ставіліся больш ашчадна. А калі ў 1939 годзе гэтыя землі далучылі, там таксама пачалося актыўнае асваеньне палёў і зьнішчэньне сусьліка катастрафічнымі тэмпамі. Пасьля палі засявалі монакультурамі — рапсам, ячменем, — а зьвяркі ў такіх умовах дрэнна жывуць», — расказаў выданьню Сяргей Шакала.

Паводле Нясьвіскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, месцу жыхарства зьнішчанай калёніі сусьлікаў не надалі ахоўнага статусу, бо не атрымалі пашпарт гэтага месца з Акадэміі навук. Аднак пра само паселішча ведалі.

«Летась мы выяжджалі з навукоўцамі на поле, яны ставілі фотапасткі. Там было 2–3 норкі, але фотапасткі ніводнага здымка сусьліка не зрабілі», — пракамэнтаваў сытуацыю выданьню начальнік інспэкцыі Юры Грынкевіч.

Нават калі тэрыторыя ня мае адмысловага статусу, гэты від жывёл знаходзіцца пад аховай. За зьнішчэньне зьвяркоў прадугледжваецца адказнасьць (згодна з артыкулам 15.8 КаАП за парушэньне патрабаваньняў па ахове дзікіх жывёл юрыдычнай асобе пагражае штраф ад 25 да 400 базавых велічынь).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG