Жонка палітвязьня Паўла Севярынца Вольга перад пачаткам суду над мужам зьезьдзіла ў Магілёў, каб перадаць перадачу і паскардзіцца ў суд на рашэньне зрабіць разгляд справы закрытым.
Вольга ня бачыла мужа з 7 чэрвеня 2020 году. Тады іх з Паўлам сыну Францішку было два гады. За год бяз таты хлопчык навучыўся гаварыць і маліцца.
У інтэрвію Вольга расказвае, як Павал выхоўвае Францішка з турмы і як Францішак тлумачыць, дзе знаходзіцца яго бацька.
«У нас былі вялікія пляны на сям'ю. Мы гаварылі, што хочам сама меней траіх дзяцей, нават імёны прыдумалі. Але цяпер я часта думаю, што магчыма, Францішак будзе нашым адзіным», — кажа Вольга.
Яна да апошняга спадзявалася, што Паўлу зьменяць артыкул і, як гэта бывала два разы раней, прысудзяць хімію. У такім разе яна плянавала пакінуць Менск і паехаць з сынам туды, дзе будзе муж.
«Але цяпер ня той час, каб Севярынцу хімію даваць. Таму мы з Францішкам застанемся ў Менску. Ён пойдзе ў садок, я буду працаваць і рабіць усё, каб палепшыць знаходжаньне Пашы ў турме», — падзялілася плянамі жонка палітвязьня.