Дата дня
10 траўня 1883 году нарадзіўся Янка Маўр, беларускі пісьменьнік, аўтар апавяданьняў, аповесьцяў і раманаў для дзяцей і моладзі. Сярод твораў Янкі Маўра называюць «У краіне райскай птушкі», «Сына вады» і «Палескіх рабінзонаў».
Таксама ў гэты дзень
1933 — у Бэрліне студэнты нацыянал-сацыялісты пачалі паліць кнігі. Гэта паклала пачатак паленьню кніг, непажаданых з гледзішча нацысцкага рэжыму.
1940 — Уінстан Чэрчыль стаў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі.
У гэты дзень нарадзіліся
1797 — Дамінік Стэфановіч, музыка, настаўнік Станіслава Манюшкі.
1931 — Сьцяпан Гаўрусёў, беларускі паэт.
1942 — Сяргей Панізьнік, беларускі паэт, перакладчык і публіцыст.
У памяці
1829 — памёр Томас Юнг, ангельскі фізык, лекар, астраном і ўсходазнавец, адзін са стваральнікаў хвалёвай тэорыі сьвятла.
1984 — памёр Антон Васілеўскі, беларускі пісьменьнік, выдавец сатырычнага часопіса «Авадзень».
1940 — году пры спробе захопу гестапаўцамі ў Варшаве загінуў генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі вайсковы дзяяч і палітык. У свой час ён камандаваў Асобным аддзелам БНР у Балтыі. Захапіўшы з сваімі аддзеламі Мазыр, Булак-Балаховіч абвясьціў там незалежнасьць БНР.
Калісьці я напісаў эсэ на вельмі актуальную тэму — «Як беларусы з кітайцамі сябруюць». Сярод згаданых там напалову легендарных і зусім фантастычных падзеяў уплішчылася й адна цалкам рэальная. Аднойчы ў 1920-м бальшавікі захапілі ў палон невялікі аддзел кітайцаў, што ваявалі пад бел-чырвона-белым сьцягам. На чэкісцкім допыце сыны братняга народу на пытаньне пра нацыянальнасьць з гонарам адказвалі: «Пішы — беларуcа!» Гэта былі байцы беларускага генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.
Чамусьці ніхто з гісторыкаў дагэтуль, здаецца, не зьвярнуў увагі на тое, што Балаховіч зьявіўся на сьвет у тым самым маёнтку Мэйшты на беларуска-літоўскім памежжы, дзе на сто трыццаць гадоў раней нарадзіўся герой 1794 году і спадкаемец Касьцюшкі ў кіраўніцтве паўстаньнем Тамаш Ваўжэцкі. А вось сам Станіслаў пра гэта, безумоўна, ведаў і натхняўся славаю выбітнага папярэдніка.
Дзейнасьць Булак-Балаховіча ў гады Першай усясьветнай вайны й пасьля кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту чакае ўвасабленьня ў авантурным рамане, на старонках якога адлюстраваліся б дывэрсійныя рэйды па нямецкіх тылах, нядоўгая служба ў Чырвонай Арміі й пераход разам з сваім палком на бок белых, захоп Пскова, абарона Эстоніі ад бальшавікоў.
У студзені 1920-га з аддзелам на паўтары тысячы шабляў генэрал быў прыняты ў склад войска БНР. Ягоныя кавалерысты зьдзейсьнілі пераход з Латвіі на Палесьсе, ушчэнт разьбілі адзін з палкоў хвалёнай 1-й коннай арміі чырвоных, узялі Пінск... У лістападзе таго самага году ўжо 20-тысячная армія Булак-Балаховіча распачала імклівы наступ усьцяж Прыпяці. Ад бальшавікоў былі вызваленыя Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, дзе Балаховіч абвясьціў сябе начальнікам незалежнай Беларускай дзяржавы...
Жывучы ў міжваеннай Польшчы, Булак-Балаховіч быў перакананым антыфашыстам, але яшчэ больш непахісным антыкамуністам, што прывяло яго разам з сынам у армію гішпанскага генэрала Франка. У верасьні 1939-га ён абараняў Варшаву, а затым змагаўся ў шэрагах польскага Супраціву і быў застрэлены гестапаўцамі пры спробе арышту.
Партрэт супярэчлівай, але, безумоўна, выбітнай асобы Балаховіча будзе няпоўным, калі не згадаць, што генэрал усё жыцьцё не забываў беларускай мовы, і нават пісаў на ёй вершы.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 198-199
2005 — у вёсцы Гарошкаў пахаваны паэт Анатоль Сыс.
Мы пазнаёміліся ў 1984-м у Вінцука Вячоркі. Анатоль Сыс, цьвярозы, як сьлязінка немаўляці, усю ноч чытаў вершы — улюбёныя й уласныя. Ягоныя часта гучалі мацней: у іх, хоць яшчэ і не заўсёды дасканала схопленая словамі, пульсавала стыхія сапраўднай паэзіі. Усьцешаны гэтым адкрыццём, пад раніцу я заснуў, але Толя далікатна пабудзіў мяне і працягваў дэклямацыю.
Ён учора вярнуўся з вайсковай службы, якую адбываў у Польшчы часоў «Салідарнасьці» і надзвычайнага становішча, што, безумоўна, абвастрыла ў яго і грамадзянскае, і нацыянальнае пачуцьцё.
Сыс увайшоў у нашую паэзію і наагул у беларускае жыцьцё ўпэўнена і харызматычна. Ён стаў адным з стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» й арганізатарам першых Дзядоў у 1987-м. Ён зьбіраў на сваіх вечарынах паўнюткія залі. Ягоныя кніжкі «Агмень» і «Пан Лес» імгненна разьляцеліся. Трэцяя — «Сыс» — выйшла адно ў 2002 годзе дзякуючы эмігрантцы Валянціне Якімовіч.
Яго цытавалі студэнты і дактары навук:
...і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
І кожны выпіў: за сябе...
Сяброўства зь ім шукалі ня толькі літаратары, але і міністры, да прыкладу, першы міністар замежных справаў незалежнае Беларусі Пятро Краўчанка. Ягонаму маскоўскаму калегу Андрэю Козыраву Сыс з сцэны Дому літаратара прачытаў верш пра закапаны кулямёт і «мядзьведзя расейскага», публічна нагадаўшы, што тут — Беларусь, якая ніколі ня будзе Расеяй.
Ён быў непрадказальны і таленавіты ўва ўсім. Міталягізаваў родную вёску Гарошкаў. У 1990-м з крыкам «Акупанты, прэч!» спыніў разам зь сябрамі на сталічным праспэкце калёну бронетэхнікі, што рыхтавалася да кастрычніцкага параду. Анатоль падаваў менскім жабракам (а аднаго прывёў у кавярню Дому літаратара
і нагадавáў, выдаючы за свайго бацьку), пакуль сам вонкава не ператварыўся амаль што ў аднаго зь іх.
Я папрасіў некалькіх знаёмых даць асобе Сыса ацэнку ў адным слове. Адказы можна вышыхтаваць так: Мужчына. Беларус. Паэт. Клясык. Геній. Яго пяро насамрэч да апошніх дзён магло нараджаць вершы залатой пробы. Такія, як вось гэты, «Пчаліная матка»:
Начаваў я ў вульлі
Пад крылом у пчалінае маткі
Пчолы казкі гулі
Трутні ноч
Казыталі мне пяткі...
Ён паміраў пакутліва, адзін: ня мог, а мо і не хацеў нікога клікаць на дапамогу. Але ён верыў, што застанецца ў вершах, і не памыляўся. Гэта засьведчылі Анатолевы пасьмяротныя кнігі.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 540-541