Раніцай 9 траўня ў цэнтры Менску прайшло сьвяточнае мерапрыемства да Дня Перамогі. У паветра выпусьцілі тысячы балёнікаў, супраць якіх падпісалі пэтыцыю звыш 1700 чалавек. Балёнікі запусьцілі па-над плошчай Перамогі пасьля ўскладаньня вянкоў да манумэнта і прамовы Лукашэнкі, піша Tut.by.
На 4 тысячы балёнікаў з геліем у колерах дзяржаўнага сьцягу зь бюджэту плянавалі выдаткаваць 8 тысяч рублёў.
У 2019 годзе супраць запуску балёнікаў з геліем падчас сьвятаў выступала Міністэрства прыродных рэсурсаў. Паводле эколягаў і прыродазнаўцаў, балёнікі шкодзяць прыродзе, асядаючы на зямлю або ваду, дзе лятэксныя абалонкі і поліэтыленавыя вяроўкі вылучаюць у навакольнае асяродзьдзе таксычныя рэчывы. Часам рэшткі балёнікаў зьядаюць жывёлы, і сьмецьце можа заблякаваць кішачны тракт.
Супраць масавага запуску балёнікаў запусьцілі пэтыцыю, пад якой падпісаліся больш за 1700 чалавек. Падпісанты лічаць, што сьвята можна праводзіць бяз шкоды і «кучы сьмецьця, якое запускаецца ў неба». На пэтыцыю прыйшоў адказ, у якім Менскі гарадзкі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя рэкамэндаваў Управе культуры Менгарвыканкаму выключыць запуск балёнікаў са сьвяточнай праграмы.