Раніцай 8 траўня парталу TUT. by у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны пацьвердзілі, што ўдзельнікі ды інваліды вайны атрымаюць аднаразова выплаты да сьвята.
«Мой дзядуля Ўладзімір Іванавіч Паборцаў зьяўляецца вэтэранам ВАВ. І сапраўды, сёньня раніцай прыйшлі на яго картку грошы. Сума — 1700 рублёў », - паведаміў чытач TUT. by.
«Мой дзед — вэтэран вайны, мае другую групу інваліднасьці па раненьні. У 12 гадзін ночы яму прыйшла эсэмэска аб залічэньні матэрыяльнай дапамогі. Далі 1700 рублёў», — піша яшчэ адзін чытач і ўдакладняе, што ў сям’і такіх выплат не чакалі.
Як паведамілі TUT. by у адным з абласных камітэтаў па працы, занятасьцi i сацыяльнай абароне, менавіта такая сума — 1700 рублёў — належыць інвалідам ВАВ. Сёлета выплаты гэтай катэгорыі грамадзян такія ж, як і ў мінулым.
Іншыя ўдзельнікі вайны атрымалі меншыя сумы:
«Айцу-вэтэрану на карту прыйшло 700 рублёў. Выплатай ён задаволены. У 2 гадзіны ночы прыйшло СМС з інфармацыяй аб залічэньні».
«У мяне бацька — малалетні вязень, сёньня паштальён прынесла грошы, сказалі, што гэта „вэтэранскія“ да 9 траўня. Выплаце бацька, вядома, рады» — напісалі чытачы TUT. by.
Сёлета пытаньне аднаразовай дапамогі вэтэранам суправаджаласяя інтрыгай. Першапачаткова ў Міністэрстве працы заявілі, што разавыя выплаты не прадугледжаныя. Тады ініцыятыва BYSOL запусьціла тэрміновы збор на выплату для вэтэранаў.
7 траўня сытуацыю пракамэнтаваў Аляксандр Лукашэнка і паабяцаў, што ўсе ўдзельнікі вайны абавязкова атрымаюць разавую дапамогу дня Перамогі. Ён заявіў, што для падтрымкі вэтэранаў вылучаныя немалыя сродкі — каля 65 мільёнаў рублёў.