Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану: што вядома і як пра яго расказваюць бакі


На мяжы Кіргізстану і Таджыкістану канфлікт жыхароў памежных вёсак 29 красавіка перарос ва ўзброенае сутыкненьне. Бакі ўсклалі адказнасьць за яго адзін на аднаго.

У ноч на 30 красавіка кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краінаў абвясьцілі аб поўным спыненьні агню, адводзе асабовага складу і баявой тэхнікі да месцаў сталай дысьлякацыі.

Падрабязнасьці канфлікту падае «Настоящее время». У выніку інцыдэнту з кіргіскага боку, па афіцыйных дадзеных, пацярпелі 154 чалавекі, загінуў — 31. Улады Таджыкістана афіцыйныя дадзеныя па пацярпелых і загінулых не абнародавалі, аднак, як паведамляе Таджыцкая служба Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы, ім вядома пра восем загіблых. Па дадзеных выданьня «Азія-Плюс», ахвярамі канфлікту сталі 10 грамадзян Таджыкістана, больш за 90 параненыя.

Што папярэднічала канфлікту?

Прычынай канфлікту на мяжы стаў вадаразьмеркавальны пункт «Галаўны» Тарткульскага вадасховішча. Гэты водазабор разьмешчаны на незафіксаваным участку мяжы. Абедзьве краіны называюць яго сваім, паколькі ён зьяўляецца важным аб’ектам, якія забясьпечвае вадой земляробаў дзьвюх краінаў. Першы ў гэтым годзе канфлікт вакол «Галаўнога» адбыўся яшчэ 17 красавіка. Тады кіргізы пачалі рамонтныя работы на водазаборы, аднак жыхары таджыцкага боку выказалі пратэст. Адбылася слоўная сварка і закідваньне камянямі, у выніку работы былі прыпыненыя. Гэты інцыдэнт мясцовыя ўлады і сілавікі ўрэгулявалі мірна — шляхам перамоў.

Праз тыдзень памежнікі Таджыкістану затрымалі двух жыхароў Лейлекскага раёну Кіргізстану, якія будавалі швейных цэх блізу таджыцкай мяжы. Пасьля перамоваў іх адпусьцілі, а разам зь імі — яшчэ шасьцярых кіргізаў, якіх затрымалі, як сьцвярджаецца, за незаконнае перасячэньне мяжы. Празь некалькі дзён зьявілася інфармацыя пра тое, што два школьнікі з таджыцкага Варуха былі зьбітыя кіргіскімі памежнікамі. Дзяржаўная памежная служба Кіргізстана назвала гэтую інфармацыю не адпаведаючай рэчаіснасьці. Бішкек і Душанбэ па гэтых двух інцыдэнтах абмяняліся дыпляматычнымі нотамі.

Што адбылося 28 і 29 красавіка: вэрсіі бакоў

28 красавіка на слупах каля водазабору «Галаўны», па вэрсіі кіргізскіх памежнікаў, таджыцкі бок пачаў ставіць камэры відэаназіраньня. Памежнікі запатрабавалі прыпыніць гэтыя працы, але прыкладна а 12:25 «у таджыцкім пасяленьні Хаджа Ало быў зроблены стрэл, як мяркуецца, з паляўнічай стрэльбы».

Дзяржкамітэт нацыянальнай бясьпекі Таджыкістана паведаміў, што канфлікт адбыўся «пры падбухторваньні грамадзян Кіргізстану».

Перамовы прадстаўнікоў памежных ведамстваў дзьвюх краін ні да чаго не прывялі. Пазьней жыхары кіргізскай прыгранічнай вёскі пачалі сьпілоўваць слуп з усталяванай на ім відэакамэрай. У выніку на месцы з абодвух бакоў сабраліся каля 100-150 чалавек, якія пачалі закідваць адзін аднаго камянямі.

Раніцай 29 красавіка становішча на мяжы абвастрылася. Як сьцьвярджае кіргізскі бок, таджыкі ў сяле Кача-бою (Кіргізстан) пачалі закідваць камянямі дамы некаторых жыхароў, пасьля чаго з паляўнічых стрэльбаў невядомыя стралялі ў машыны. У сяле Кок-Таш (Кіргізстан) таксама былі чуваць стрэлы. Па вэрсіі таджыцкіх уладаў, у той дзень «вайскоўцы Кіргізскай Рэспублікі адкрылі агонь па вайскоўцам Памежных войскаў Рэспублікі Таджыкістан» і абвінавацілі Кіргізстан у парушэньні пагадненьняў і «спробах незаконнага захопу водаразьмеркавальнага пункту «Галаўны».

Перастрэлка на мяжы працягвалася, па некаторых дадзеных, да поўначы. Кіргізская служба Радыё Свабода паведамляе пра больш чым 20 тысячах эвакуяваных жыхарах прыгранічных вёсак Баткенскага і Лейлекскага раёнаў, дзясятках згарэлых дамоў, крамаў і аўтазаправачных станцый, а таксама некалькіх пагранзаставах. Мясцовыя ўлады ўдакладняюць дадзеныя. Таджыцкая служба Радыё Свабода перадае, што ўлады эвакуююць грамадзян з сёлаў Хаджа Ало (Таджыкістан) і Самані (Таджыкістан).

30 красавіка паведамлялася аб перастрэлцы ў сяле Кызыл-Бел (Кіргізстан) на кіргізскай-таджыцкай мяжы, якая адбылася а 16:15 гадзін і доўжылася прыкладна гадзіну. Цяпер абстаноўка стабільная, паведамілі крыніцы ў Дзяржаўнай памежнай службе Кіргізстана выданьню Kaktus.Media.

Як асьвятлялі канфлікт бакі

Прымежны раён, дзе адбыўся канфлікт, знаходзіцца ў больш чым 730 км ад Бішкеку і звыш 440 км — ад Душанбэ, пры гэтым дабрацца туды хутчэй і лягчэй з кіргізскай сталіцы. З гэтай прычыны асьвятляць падзеі на месцы было больш магчымасьцяў у журналістаў Кіргізстана, аднак дабрацца туды з Бішкека яны змаглі толькі да другой паловы 29 красавіка.

Афіцыйныя ўлады дзьвюх краінаў днём абмежаваліся адным прэс-рэлізам, пасьля чаго захоўвалі маўчаньне да першых вынікаў перамоваў паміж бакамі. Таджыцкія ўлады да гэтага часу не далі афіцыйнай інфармацыі пра загінулых і пацярпелых, на сайце прэзыдэнта Эмамалі Рахмона апублікавана толькі два паведамленьні, адно зь якіх прысьвечана перамовам з прэзыдэнтам Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым вакол падзеяў на мяжы.

«Лідэр нацыі праінфармаваў прэзыдэнта Рэспублікі Узбэкістан аб мерах, якія прымаюцца таджыцкім бокам для зьняцьця напружанасьці на лініі мяжы, і дазволу ўзьніклай сытуацыі дыпляматычнымі шляхамі», — гаворыцца ў паведамленьні. Няма паведамленьняў ад Міністэрства аховы здароўя, толькі на сайце МЗС Таджыкістана апублікавана тры паведамленьні пра вынікі перамоў. У асноўным інфармацыя пра падзеі на мяжы зьяўляецца ў таджыцкім сэгмэнце сацыяльных сетак.

Улады Кіргізстану пры гэтым актыўна інфармуюць грамадзкасьць пра падзеі. Так, на сайце прэзыдэнта апублікавана восем паведамленьняў, у асноўным прысьвечаных ўрэгуляваньню сытуацыі на мяжы. На сайце ўраду было дзевяць нататак, ёсьць афіцыйныя дадзеныя па пацярпелых і загіблых, а таксама аб пацярпелых абʼектах. Апошнім зьявілася паведамленьне аб тэлефоннай размове прэзыдэнтаў Таджыкістана і Кіргізстана, якія «дамовіліся вырашыць сытуацыю, якая склалася выключна мірным шляхам і правесьці вочную сустрэчу ў Душанбэ ў другой палове траўня бягучага года».

Як адрэагавалі суседзі і Расея

Узбэкістан адным з першых адрэагаваў на ўзброены канфлікт. МЗС краіны заклікаў «да неадкладнага спыненьня сутыкненьняў», прыняцьця мер па стабілізацыі сытуацыі і вырашэньню пытаньняў шляхам перамоў. Прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў выказаў занепакоенасьць прымежным канфліктам і вітаў дасягнутую дамоўленасьць аб спыненьні канфлікту.

Расія ўвесь гэты час захоўвала маўчаньне. 29 красавіка прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што яны «сочаць за развіцьцём падзей». Раніцай 30 красавіка расейскія СМІ апублікавалі заяву генэральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) Станіслава Зася, дзе гаварылася: «У АДКБ лічаць, што дадзены канфлікт павінен бць спынены. Яго трэба вырашыць мірным шляхам. Прымаюцца ўсе неабходныя меры па ўрэгуляваньні гэтага канфлікту».

У другой палове дня 30 красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Уладзімір Пуцін гатовы адыграць пасярэдніцкую ролю ў вырашэньні канфлікт і «ён гэта ўжо неаднаразова дэманстраваў». Гэта заява зьявілася ўжо пасьля таго, як бакі дамовіліся аб урэгуляваньні канфлікту на мяжы, за выключэньнем невялікай перастрэлкі ў сяле Кызыл-Бел.

Расейскі экспэрт па Цэнтральнай Азыі Аркадзь Дубноў указаў на «моцны ўплыў з боку зьнешніх фактараў» і адсутнасьць «рашучага стаўленьня з боку Расеі». «Калі Ташкент выказаў сваю занепакоенасьць, то Масква вуснамі Марыі Захаравай толькі выказала імкненьне вывучыць сытуацыю. Вывучаць трэба было раней. Цяпер трэба жорстка заклікаць да прыпыненьня ваенных дзеяньняў. Чамусьці ў Маскве пакуль не сьпяшаюцца гэта рабіць», — сказаў ён.

Працягласьць таджыкска-кыргызскай мяжы складае больш 970 км, зь якіх на сёньняшні дзень дэмаркавана толькі 504 км. Нявызначаная лінія мяжы можа быць таксама прычынай канфліктаў прыпамежных паселішчаў. У некаторых вёсках дамы грамадзянаў Кіргізстану могуць знаходзіцца на адной вуліцы, а на другой — грамадзянаў Таджыкістану.

На тэрыторыі Кіргізстану знаходзяцца два таджыцкія анклявы. Унутры і каля іх пастаянна ўзьнікаюць канфлікты: з прычыны земляў, вады, незаконных перасячэньняў межаў і міжэтнічных разнагалосьсяў. Яны суправаджаюцца перакрыцьцем дарог, масавымі бойкамі, падпаламі дамоў і стрэлянінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG