Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле заявы паліцыі, расейскамоўны сындыкат кібэр-вымагальнікаў заявіў, што скраў канфідэнцыйныя дадзеныя, у тым ліку аб інфарматарах.
Кібэрзлачынцы разьмясьцілі на сваім сайце ў даркнэце скрыншоты, якія пацьвярджаюць крадзеж больш як 250 гігабайт дадзеных.
Падрабязнасьці ўзлому былі раскрытыя ў панядзелак паліцыяй Вашынгтону, якая папрасіла ФБР расьсьледаваць «несанкцыянаванае пранікненьне» у яго кампутарную сетку.
Інфармацыі аб тым, што напад закрануў нейкія паліцэйскія апэрацыі, пакуль не паступала.
Хакерская групоўка «Бабук» заявіла на сваім сайце, што «спампавала дастатковы аб’ём інфармацыі» з базы дадзеных.
Групоўка дала вашынгтонскай паліцыі тры дні на тое, каб зьвязацца зь ёй, прыстрашыўшы ў адваротным выпадку выдаць дадзеныя злачынным фармаваньням.
Мяркуючы па разьмешчаных у інтэрнэце скрыншотах, у злачынцаў ёсьць доступ да дадзеных як мінімум з чатырох кампутараў, у тым ліку да справаздачаў выведкі, інфармацыі пра канфлікты паміж бандамі, перапіс зьняволеных і іншыя адміністрацыйныя файлы.
Управа паліцыі Вашынгтона заявіла, што сурʼёзна ставіцца да пагрозы.
На мінулым тыдні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн увёў новыя санкцыі супраць Расеі і выслаў 10 дыпляматаў у адказ на хакерскія атакі і ўмяшаньне ў выбары.