«Сёньня ў фэдэральным судзе грамадзянін Расеі прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай паездкі ў ЗША для ўключэньня супрацоўніка кампаніі з Нэвады ў схему ўкараненьня шкоднага праграмнага забесьпячэньня ў кампутарную сетку кампаніі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Кручкоў прызнаў сябе вінаватым па адным пункце абвінавачаньня — у змове з мэтай наўмыснага нанясеньня шкоды абароненаму кампутару. Прысуд яму мусяць вынесьці 10 траўня.
27-гадовага Ягора Кручкова арыштавалі ў Лос-Анджэлесе ў жніўні 2020 году. Паводле дадзеных сьледзтва, расеец з хаўрусьнікамі спрабаваў падкупіць супрацоўніка кампаніі ў Нэвадзе, каб той укараніў шкоднае праграмнае забесьпячэньне ў кампутарную сыстэму заводу.
У Міністэрстве юстыцыі паведамілі, што загрузка Крючковым шкоднай праграмы дазволіла б яму і яго саўдзельнікам атрымаць бесьперашкодны доступ да дадзеных кампаніі Tesla. Амэрыканскія ўлады лічаць, што расейскі грамадзянін плянаваў спампаваць базу дадзеных прадпрыемствы і затым шантажаваць яго кіраўніцтва.
Расеец паабяцаў супрацоўніку заводу ўзнагароджаньне памерам 1 млн даляраў. Аднак плян хакераў быў сарваны, паколькі той зьвярнуўся ў ФБР.
Міністэрства юстыцыі паведамляла, што Кручкоў прыехаў у ЗША па расейскім пашпарце і турыстычнай візе. Агенцтва «РИА Новости» паведамляла, што Кручкоў — выпускнік Санкт-Пецярбурскага політэхнічнага ўнівэрсытэту імя Пятра Вялікага.
Цяпер расейцу пагражае да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня і штраф памерам $ 250 тыс. Пасьля адбыцьця турэмнага тэрміну павінна адбыцца дэпартацыя.