Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 22 красавіка: 4 гады «хатняй хіміі» і прымусовае лячэньне за камэнтар пра Караева


Ля суду Маскоўскага раёну Менску, дзе праходзіць суд над палітвязьнем Віктарам Бабарыкам і топ-мэнэджарамі «Белгазпрамбанку». Менск, 22 сакавіка 2021.
Ля суду Маскоўскага раёну Менску, дзе праходзіць суд над палітвязьнем Віктарам Бабарыкам і топ-мэнэджарамі «Белгазпрамбанку». Менск, 22 сакавіка 2021.

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах. Абнаўляецца.

Судзяць жанчыну за абразу Лукашэнкі ў інтэрнэце

У судзе Першамайскага раёну Менска 22 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 30-гадовай Вольгі Насыр. Яе абвінавачваюць у «публічнай абразе прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядае судзьдзя Максім Трусевіч. Дзяржаабвінаваўца Ганна Лапянок запрасіла для падсуднай абмежаваньне волі тэрмінам на 1 год без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд будзе абвешчаны раніцай 23 красавіка.

Як паведамляе «Вясна», да суду жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе. Раней яна брала ўдзел у акцыі 23 студзеня і была затрыманая.

Згодна з матэрыяламі справы, Вольга Насыр у адным з Telegram-каналаў разьмясьціла ў дачыненьні да Лукашэнкі паведамленьні «з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексікі», гэтая інфармацыя стала даступная неабмежаванаму кола інтэрнэт-карыстальнікаў.

Пракуратура Першамайскага раёну Менска прыйшла да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачваньня, дастатковасьці сабраных доказаў, поўным і аб’ектыўным дасьледаваньні абставінаў злачынства.

За камэнтар у адрас міністра ўнутраных спраў Караева жыхара Менску асудзілі на чатыры гады «хатняй хіміі»


У судзе Ленінскага раёну Менску вынеслі прысуд 48-гадоваму Дзьмітрыю Пашкевічу. Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», яго прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу і прысудзілі чатыры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, а таксама прымусовае лячэньне: Пашкевіч мае псыхалягічныя асаблівасьці. Справу разгледзела судзьдзя Марына Запасьнік.

Дзьмітрыя Пашкевіча прызналі вінаватым, што 28 верасьня ён разьмясьціў на спартовым сайце Tribuna камэнтар, у якім зьмяшчалася падбухторваньне да гвалту над былым кіраўніком МУС Юрыем Караевым. У камэнтары прысутнічалі словы «трэба забіць». Паведамленьне выявілі падчас маніторынгу на наступны дзень.

Пашкевіча затрымалі 28 студзеня, тады ж з дома забралі тэхніку. Падчас допыту пракурорам высьветлілі, што паведамленьне сапраўды зрабіў Дзьмітры. Ён напісаў гэта пад узьдзеяньнем моцных эмоцый ад гвалту — пабіцьця грамадзян супрацоўнікамі міліцыі. У той момант не аддаваў сабе справаздачу, што піша: яму «было страшна глядзець на гэта», ён адчуваў злосьць да міліцыянтаў — не да ўсіх, а тых, хто біў людзей.

Пашкевіч раскайваўся, але ён расказаў: ня думаў, што праз паведамленьні ў інтэрнэце хто-небудзь возьме палку і пойдзе біць, і не хацеў гвалту над былым міністрам. Дзьмітры адмаўляў матыў помсты, але прызнаў віну перад міністрам за тое, што напісаў такі неадэкватны пост.

Адвакат падкрэсьліў псыхалягічны стан абвінавачанага. Дзьмітрый цалкам знаходзіцца на ўтрыманьні бацькоў: восем гадоў не працуе наогул, бо «нідзе не бралі». Маці Дзьмітрыя Галіна Баляславаўна пацьвердзіла дыягназы сына: адзначыла, што праз асаблівасьці разьвіцьця ён не хадзіў у дзіцячы садок. З дзяцінства Дзьмітрый меў ДЦП, даглядаць яго дапамагала бабуля. «Школу ён закончыў моўчкі: ня мог адказваць на занятках»,— сказала маці. Дзесяць клясаў ён закончыў толькі дзякуючы лекарам. Цяпер Дзьмітрыю патрэбна шпіталізацыя, каб паставіць «холтэр» праз высокі ціск: ёсьць дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць.

Да матэрыялаў справы было далучана апытаньне пацярпелага Караева. Ён адзначыў, што расцаніў паведамленьне як «пагрозу асабіста мне, міністру МУС». Таксама пацярпелы лічыць, што Пашкевіч «дастаткова загладзіў віну перада мной», калі прынёс публічныя прабачэньні. І хаця матэрыяльных прэтэнзій да абвінавачанага ён ня мае, лічыць, што злачынства было ўчынена.

Жыхарку Менска асудзілі на 10 сутак за сьцяг з Пагоняй на бальконе

22 сакавіка супрацоўнікі Маскоўскага РУУСа Менска ўбачылі сьцяг з гербам Пагоня на бальконе 29-гадовай Аляксандры Русанавай і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаваньне, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

22 красавіка Аляксандру выклікалі ў суд па позве. Яе справу разглядзела судзьдзя Тацяна Матыль. Па словах дзяўчыны, сьцяг яна знайшла на вуліцы 21 сакавіка. А так як ён быў у кепскім стане – прынесла яго дадому, памыла і павесіла сушыць на ноч, а раніцай яго ўжо сфатаграфавалі.

Судзьдзя палічыла віну дзяўчыны ў пікетаваньні цалкам даказанай і пакарала Аляксандру 10-сутачным арыштам. Пасьля абвяшчэньня выраку двое мужчын у цывільным затрымалі Русанаву для адбыцьця пакараньня ў залі суду.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG