Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Магілёва адшукалі са службовым сабакам і пакаралі за бела-чырвоныя палосы на агароджы


53-гадовага Вячаслава Караткевіча прызналі вінаватым у псаваньні маёмасьці (341 арт. КК) і нанясеньні шкоды ўладальніку на 10 рублёў 34 капейкі. 21 красавіка Ленінскі суд Магілёва пакараў яго 2 месяцамі арышту. Затрыманьня ён будзе чакаць на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Вячаслаў Караткевіч у сьнежні 2020 году расфарбаваў бела-чырвонымі палосамі агароджу школы, а таксама кіёск, слупы, дрэвы ў пасёлку на ўскрайку Магілёва. Міліцыя адшукала дом, у якім ён жыве, з дапамогай службовага сабакі і зьняла пра гэта відэаролік, які паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі. Як вынікае з матэрыялаў справы, пра палосы міліцыя даведалася ад кіраўніка школы ды ананімнай крыніцы.

Справу супраць Караткевіча разглядала судзьдзя Аксана Ратнікава. Дзяржаўнае абвінавачаньне прадстаўляла пракурор Марыя Івуціна, якая прасіла пакараць абвінавачанага 3 месяцамі арышту. Пацярпелы на працэс не прыйшоў.

У судзе Вячаслаў Караткевіч прызнаў, што палосы ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга нанёс ён. Сваю віну прызнаў і да судовага разбору сплаціў шкоду навучальнай установе. Тлумачыць свае дзеяньні ня стаў, але пацьвердзіў паказаньні, якія даваў сьледчаму.

Падчас сьледзтва Вячаслаў казаў, што размалёўваў канструкцыі ў пасёлку палосамі адзін, «каб выказаць сваю пазыцыю да бел-чырвона-белага сьцяга, які не забаронены, і большасьць людзей ставяцца да яго станоўча, як да часткі гісторыі сваёй краіны». На такі ўчынак наважыўся пасьля таго, як падчас сямейнай бяседы ў дзень народзінаў сына адбылася гутарка пра гісторыю сьцяга.

Прысуд Караткевічу не набыў моцы, і ён зьбіраецца яго абскарджваць. Абвінавачаны мае выплаціць 806 рублёў працэсуальных выдаткаў, якія пайшлі на набыцьцё спэцыялістамі расходных матэрыялаў для экспэртызаў у справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG