Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Учатырох хацелі захапіць усе выканкамы і пастарункі». Што вядома пра справу аб «захопе будынкаў» у Гомлі


Гомельскі СІЗА
Гомельскі СІЗА

У Чыгуначным судзе Гомля працягваецца суд над Юрыем Уласавым, Тацянай Канеўскай, Дзьмітрыем Івашковым і Аляксандрам Шабаліным. Іх вінавацяць у «масавых беспарадках» і плянах «захопу адміністрацыйных будынкаў».

Першыя паседжаньні праходзілі ў практычна закрытым рэжыме. На іх дапусьцілі толькі па адным сваяку абвінавачаных. У іх забралі мабільныя тэлефоны. Сяброў, паплечнікаў і незалежных журналістаў на працэс не пусьцілі — «каранавірус».

У крымінальнай справе ў дачыненьні да Юрыя Ўласава ёсьць эпізод пра «абразу прадстаўніка ўлады». Канфлікт зь міліцыянтамі адбыўся яшчэ ў 2019 годзе, падчас парлямэнцкіх выбараў. Міліцыя затрымала кандыдата ў дэпутаты парлямэнту, фэрмэра Юрыя Ганцэвіча. Уласаў зь сябрамі прыйшлі на месца канфлікту, каб разабрацца, што адбылося. За канфлікт зь міліцыянтамі ён атрымаў тады адміністрацыйнае пакараньне — буйны штраф. Цяпер з гэтага канфлікту ўзьнікла крымінальная справа. Пацярпелыя — шэсьць міліцыянтаў. Яны давалі паказаньні ў закрытым рэжыме, празь меры бясьпекі. На момант іх допыту сваякоў выводзілі з залі. Вядома, што шэсьць міліцыянтаў запатрабавалі буйную суму кампэнсацыі маральнай шкоды.

14–15 красавіка ў судзе пачаўся разгляд справы аб «масавых беспарадках» і плянах «захопу будынкаў». У судзе прадэманстравалі відэа, якое было зьнятае таемным чынам на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай. Троххвіліннае відэа неаднаразова дэманстравалі па дзяржаўным тэлебачаньні як доказ віны жыхароў Гомля. У судзе выявілася, што ёсьць іншае відэа, на 11 хвілін.

«Там ня так жахліва, на 11-хвілінным відэа, як на той нарэзцы на БТ. Людзі сядзяць, абмяркоўваюць працоўныя моманты агітацыйнай кампаніі. І калі сказалі пра «захоп будынкаў», то пасьля ўдзельнікі адмовіліся ад сваіх словаў. І там іншыя былі фармулёўкі. Юры Ўласаў заўважыў, што яны сапраўды хацелі купіць газавыя балёнчыкі, але не для нападу на некага, а для абароны», — расказала Свабодзе адна са сваякоў абвінавачаных.

У абвінавачаньні фігуруе тое, што чацьвёра жыхароў Гомля хацелі захапіць усе выканкамы і адміністрацыі гораду, а таксама ўсе будынкі РАУС і УУС.

«Сёньня зноў не пусьцілі паплечнікаў і сяброў, затое ў залі паседжаньня прысутнічалі студэнты юрфаку, якія занялі месцы. Сёньня зноў глядзелі відэа, слухалі вынікі экспэртызы галасоў абвінавачаных. Усе яны трымаюцца годна, мужна, жартуюць», — дадала сваячка.

Яна зазначыла, што ў судзе зачытваюць паказаньні нейкага сьведкі, якога «ў мэтах бясьпекі» назвалі Андрэеевым. «Ніхто ня ведае гэтага чалавека», — зазначыла жыхарка Гомля.

У судзе высьветлілася, што Дзьмітрыя Івашкова абвінавачваюць яшчэ ці то ў непадпарадкаваньні, ці то ў супраціве міліцыі або гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка. «Раптам аднекуль зьявіўся новы пацярпелы! Нібыта 27 верасьня на маршы, калі затрымалі Дзіму, ён ці штурхануў міліцыянта, ці нешта такое. Але ён у верасьні за Марш атрымаў адміністрацыйны арышт. Той пацярпелы міліцыянт патрабуе 9 тысяч маральнай шкоды. Хоць мы маем шмат відэа, дзе відаць, што Дзіма нікога не штурхаў, яго павалілі на траву і «вязалі», — расказала сястра Івашкова.

Людзі пішуць скаргі, каб трапіць на суд, але рэакцыі пакуль не было. «Я хадзіла ў суд штодзень, але ніводнага разу мяне не прапусьцілі на паседжаньне. Пісала скаргі — рэакцыі няма. Вакол суду ходзяць супрацоўнікі АМАП, на ўсіх паверхах стаяць людзі, падобныя да «ціхароў». Паставілі рамку — мэталадэтэктар, як у аэрапорце, такога раней не было. Цяпер дакумэнты правяраюць ня толькі на вахце суду, але і ў холе», — расказала Свабодзе валянтэрка Алена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG