Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільніка Лукашэнкі, які ў Берасьці ўдарыў мэдыка, пакаралі «хіміяй»


Момант нападу Мікалая Вакуліча на Андрэя Ракалу
Момант нападу Мікалая Вакуліча на Андрэя Ракалу

14 красавіка суд у Берасьці прызнаў Мікалая Вакуліча вінаватым у хуліганстве за напад на мэдыка Андрэя Ракалу і адправіў на 2 гады хіміі. Ён таксама мусіць заплаціць 500 рублёў маральнай кампэнсацыі пацярпеламу, паведаміла «Вясна».

Інцыдэнт здарыўся 5 студзеня. На станцыю хуткай дапамогі патэлефанавалі зь міліцыі і паведамілі, што на прыпынку ляжыць мужчына з прыкметамі алькагольнага ап’яненьня. Да яго выехала брыгада.

«Ён ехаць не хацеў, — расказваў Андрэй Ракала. — Але мы ня можам пакінуць зімой на вуліцы чалавека з траўмамі і прыкметамі ап’яненьня — абавязаны адвезьці яго ў шпіталь. Ён адмаўляўся. Ад агляду таксама. Супрацоўнікі міліцыі з намі не паехалі. Ён гаварыў, як любіць прэзыдэнта, міліцыю, якія ўсе малайцы. Мы проста маўчалі».

Дарогай Мікалай Вакуліч ударыў аднаго лекара па назе. А ў траўмапункце пачаў выказваць прэтэнзіі Андрэю Ракалу:

«Чуеш? Супраць Лукашэнкі? Што, ня верыш? А ты сёньня лекар? Ты ж учора супраць Лукашэнкі!»

Пасьля гэтага Вакуліч ударыў Ракалу па твары. Лекар атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і мусіў узяць бальнічны. Інцыдэнт зьнялі на відэа калегі доктара.

Мікалай Вакуліч тлумачыў пасьля здарэньня Tut.by, што ў прыёмным аддзяленьні стаў хваліць Лукашэнку для таго, каб на яго не падумалі, што ён сам з пратэстоўцаў.

«Яны мне сказалі, за каго ты, за каго? І сталі мяне тузаць, адзін узяў за шыю! Калі б яны мяне не патузалі, я б нікога ня ўдарыў!»

Лекары сьцьвярджалі, што не размаўлялі зь ім на палітычныя тэмы.

Мікалай Вакуліч працаваў кіроўцам школьнага аўтобуса. Пасьля інцыдэнту яго звольнілі.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG