Пра стварэньне новага руху абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская.
«Я заўсёды казала, што пратэст рабочых неверагодна важны для нашага шляху. І сёньня я рада падтрымаць іх у новым этапе барацьбы», — напісала яна.
«Рабочы рух» — гэта рух рабочых, які мае сваю плятформу stachka.org для каардынацыі дзеяньняў, сайт, сацсеткі і чат-бот у Тэлеграме @stachkom_bot, у які можна дасылаць карысную для актыву рабочых інфармацыю. Цяпер доступ для актывістаў — па паролі. У чацьвер да яе адкрыецца доступ для ўсіх ахвотных.
Рэгістрацыя на плятформе не патрабуе асабістых дадзеных. З дапамогай бясьпечнай і зашыфраванай сыстэмы кожны, хто на ёй зарэгістраваўся, зможа атрымліваць інфармацыю і ўдзельнічаць у рабочым руху ў сябе на прадпрыемстве і ў краіне ў цэлым. Плятформа ўжо працуе ў тэставым рэжыме і будзе гатовая да публічнага запуску ў бліжэйшы час, паведамляе Сьвятлана Ціханоўская і заклікае рабочых далучацца да руху, а ўсіх астатніх — падтрымліваць іх дзейнасьць.
Як адзначае Ціханоўская, у жніўні і кастрычніку, калі праходзілі першыя страйкі, у рабочых яшчэ не было вопыту і моцных сувязяў паміж прадпрыемствамі, і страйкоўцы зазналі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Але цяпер «ёсьць вопыт страйку, сувязі паміж ключавымі прадпрыемствамі, выразны плян і падтрымка дыяспар па ўсім сьвеце — менавіта для таго, каб рыхтавацца да агульнанацыянальнага страйку».