Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Польшча тэрмінова абмеркавалі пагрозы бясьпецы ў рэгіёне з поўначы і ўсходу


Украінскі вайсковец у зоне баявых дзеяньняў на Данбасе, красавік 2021. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі вайсковец у зоне баявых дзеяньняў на Данбасе, красавік 2021. Ілюстрацыйнае фота

Міністры замежных спраў Украіны і Польшчы Дзьмітро Кулеба і Зьбігнеў Раў правялі сёньня ў Кіеве тэрміновую сустрэчу.

«Абмяркоўвалі пагрозы бясьпецы ў Эўропе ў сувязі з эскаляцыяй напружанасьці ўздоўж паўночнай і ўсходняй мяжы Ўкраіны і ў акупаваным Крыме, а таксама будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток-2», — паведамляецца на афіцыйнай старонцы Міністэрства замежных спраў Польшчы ў Twitter (на поўначы Ўкраіна мяжуе зь Беларусьсю, а на ўсходзе — з Расеяй. — РС).

Міністар замежных спраў Украіны на сваёй старонцы ў Twitter паведаміў, што гэтая сустрэча павінна была адбыцца пазьней, але польскі бок скарэктаваў пляны. «Мэта (сустрэчы) — умацаваньне ўкраінска-польскага стратэгічнага партнэрства на тле абвастрэньня Расеяй сытуацыі па бясьпецы».

Польскі міністар запэўніў, што Ўкраіна — не самотная ў абароне свайго сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і непарушнасьці межаў.

Пазьней прэсавая служба Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што Дзьмітро Кулеба і Зьбігнеў Раў дамовіліся кансалідаваць дзеяньні па міжнароднай падтрымцы Ўкраіны ў супрацьдзеяньні расейскай агрэсіі, а таксама паглыбіць вайскова-палітычную супрацу. Асобна на сустрэчы абмеркавалі будучае старшынства Польшчы ў АБСЭ.

Пакуль што бакі не паведамляюць, ці абмяркоўвалася беларускае пытаньне і ў якім кантэксьце.

Сёлета ў студзені ў дыстанцыйным рэжыме адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Польшчы і Літвы пры ўдзеле Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля гэтай сустрэчы Дзьмітро Кулеба заявіў, што Люблінскі трохкутнік, заснаваны летась Украінай, Польшчай і Літвой, адкрыты да супрацы зь Беларусьсю.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова абвінавачваў Польшчу, Літву і Ўкраіну ў дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG